Выбор страныБеларусь

ПДД по странам

ПДР Беларусі 2026: тэкст правіл

Чытайце ПДР Беларусі, выбірайце раздзел або шукайце патрэбны пункт. Даступныя беларуская, руская і англійская мовы.

ПДР Беларусі

Выберите язык, раздел или найдите нужный пункт поиском по всему документу.

Перевод неполный: часть текста доступна на русском языке.

БеларусьБеларуская · 1104 пунктов

Разделы и главы

661 пунктов

1 Общие положения #

1

Настоящими Правилами определяется порядок движения на дорогах Республики Беларусь.

2

В настоящих Правилах применяются следующие основные термины и понятия:

2.1

аўтобус — аўтамабіль з колькасцю месцаў для сядзення больш за дзевяць, уключаючы месца кіроўцы;

2.2

аўтамабіль — механічны транспартны сродак, які мае не менш за чатыры колы, размешчаныя не менш чым на двух восях, за выключэннем колавых трактароў і самаходных машын. Да аўтамабіляў прыраўноўваюцца квадрыцыклы (мотакаляскі) — чатырохколавыя транспартныя сродкі, якія маюць прыводы кіравання аўтамабільнага тыпу і масу ў падрыхтаваным стане не больш за 550 кілаграмаў;

2.3

аўтапоезд — састаў транспартных сродкаў, які складаецца з аўтамабіля (колавага трактара) і прычэпа, які ім буксіруецца, прычэпа-роспуску, паўпрычэпа (калі не пазначана іншае, далей — прычэп);

2.4

бяспека дарожнага руху — стан дарожнага руху, які забяспечвае мінімальную верагоднасць узнікнення небяспекі для руху і дарожна-транспартнага здарэння;

2.5

веласіпед, веламабіль (далей — веласіпед) — транспартны сродак, за выключэннем інвалідных калясак, які прыводзіцца ў рух мускульнай сілай чалавека (людзей), які знаходзіцца на (у) ім;

2.6

веласіпедная дарожка — адасобленая дарога або вылучаны канструктыўна ці з дапамогай ліній гарызантальнай дарожнай разметкі элемент дарогі, прызначаныя для руху кіроўцаў веласіпедаў (далей — веласіпедысты), пазначаны дарожным знакам «Веласіпедная дарожка»;

2.7

бачнасць дарогі — максімальная адлегласць у кірунку руху, на якой з месца кіроўцы можна распазнаць элементы дарогі і тэхнічныя сродкі арганізацыі дарожнага руху перад транспартным сродкам і правільна арыентавацца пры кіраванні ім;

2.8

кіроўца — фізічная асоба, якая кіруе транспартным сродкам, самаходнай машынай, за выключэннем асобы, якая навучаецца кіраванню механічным транспартным сродкам, самаходнай машынай (здае кваліфікацыйны практычны экзамен на права кіравання механічным транспартным сродкам, самаходнай машынай). Да кіроўцы прыраўноўваюцца асоба, якая навучае кіраванню механічным транспартным сродкам, самаходнай машынай (прымае кваліфікацыйны практычны экзамен на права кіравання механічным транспартным сродкам, самаходнай машынай) і пры гэтым знаходзіцца ў ім (ёй), а таксама коннік, паганяты жывёлы;

2.9

вымушаны прыпынак транспартнага сродку — спыненне руху транспартнага сродку з-за яго тэхнічнай няспраўнасці або небяспекі, створанай удзельнікамі дарожнага руху, грузам, які перавозіцца, станам кіроўцы (пасажыра), з'яўленнем аб'екта, які перашкаджае дарожнаму руху;

2.10

газон — участак зямлі з натуральным або штучна створаным раслінным, пераважна травяным, покрывам;

2.11

галоўная дарога — дарога, пазначаная дарожнымі знакамі «Галоўная дарога», «Перасячэнне з другараднай дарогай», «Прымыканне другараднай дарогі», «Аўтамагістраль» або «Дарога для аўтамабіляў» у адносінах да дарогі, якая перасякаецца (якая прымыкае), дарога з удасканаленым пакрыццём у адносінах да дарогі без такога пакрыцця, дарога з гравійным пакрыццём у адносінах да грунтавой, любая дарога ў адносінах да выездаў з прылеглых тэрыторый або жылых зон. Наяўнасць на другараднай дарозе непасрэдна перад скрыжаваннем участка з пакрыццём (удасканаленым або гравійным) не робіць яе роўнай па значэнні з дарогай, якая перасякаецца;

2.12

дзяржаўны тэхнічны агляд — сукупнасць арганізацыйна-тэхнічных мер, накіраваных на недапушчэнне да ўдзелу ў дарожным руху транспартных сродкаў, якія не адпавядаюць патрабаванням міжнародных прававых дакументаў, датычных бяспекі колавых транспартных сродкаў, прадметаў абсталявання і частак, што могуць быць усталяваны і (ці) выкарыстаны на колавых транспартных сродках, абавязковым для захавання патрабаванняў тэхнічных нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь (далей - тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты);

2.13

гужавы транспартны сродак — транспартны сродак, які прыводзіцца ў рух мускульнай сілай жывёлы (жывёл);

2.14

дзеці — непаўналетнія ўдзельнікі дарожнага руху, узрост якіх вядомы або відавочны па знешніх прыкметах іншым удзельнікам дарожнага руху;

2.15

дарога — комплекс інжынерных збудаванняў або паласа зямлі, якія прызначаны і выкарыстоўваюцца для руху ў вызначаным парадку транспартных сродкаў і пешаходаў;

2.16

дарожка для коннікаў — паласа зямлі, прызначаная для руху ў вызначаным парадку коннікаў, пазначаная дарожным знакам «Дарожка для коннікаў»;

2.17

дарожны рух — рух пешаходаў і (або) транспартных сродкаў па дарозе, у тым ліку стаянка і прыпынак у межах дарогі, і звязаныя з ім грамадскія адносіны;

2.18

дарожна-транспартнае здарэнне — здарэнне, здзейсненае з удзелам хоць бы аднаго механічнага транспартнага сродку, які знаходзіўся ў руху, у выніку якога нанесена шкода жыццю або здароўю фiзiчнай асобы, яе маёмасці або маёмасці юрыдычнай асобы;

2.19

чыгуначны транспартны сродак — лакаматыў, электрацягнік, дызель-цягнік, аўтаматрыса, іншы транспартны сродак, прызначаны для перавозкі пасажыраў і грузаў па чыгуначным пуці;

2.20

чыгуначны пераезд — перасячэнне дарогі з чыгуначнымі пуцямі на адным узроўні;

2.21

жылая зона — тэрыторыя, уезды на якую і выезды з якой пазначаны дарожнымі знакамі «Жылая зона» і «Канец жылой зоны», а таксама дваровая тэрыторыя, прылеглая да жылой забудовы;

2.22

колавы трактар — механічны транспартны сродак для выканання разнастайных тэхналагічных аперацый пры дапамозе навясных, паўнавясных і прычапных машын або прылад, а таксама для прывода стацыянарных машын або руху ў саставе з прычэпам;

2.23

крайняе правае (левае) размяшчэнне на праезнай частцы дарогі — становішча транспартнага сродку на праезнай частцы дарогі, прызначанай для руху ў дадзеным кірунку, якое не дае магчымасці руху нават аднакалейных транспартных сродкаў адпаведна правей (лявей) у спадарожным напрамку;

2.24

манеўраванне (манеўр) — пачатак руху, перастраенне транспартнага сродку ў руху з адной паласы руху ў іншую (далей — перастраенне), а таксама яго паварот направа або налева, разварот, з'езд з праезнай часткі дарогі, рух заднім ходам;

2.25

маршрутны транспартны сродак — механічны транспартны сродак (аўтобус, тралейбус, трамвай, іншы транспартны сродак, які ажыццяўляе рух у рэгулярных звычайных, хуткасных зносінах, у тым ліку экспрэсных), які рухаецца па вызначаным маршруце з пазначанымі пунктамі прыпынку;

2.26

механiчны транспартны сродак — транспартны сродак, які прыводзіцца ў рух рухавіком;

2.27

мапед — механічны транспартны сродак, які прыводзіцца ў рух рухавіком з рабочым аб'ёмам да 50 куб. сантыметраў і мае максімальную канструктыўную хуткасць руху, вызначаную яго тэхнічнай характарыстыкай, не больш за 50км/г. Да мапедаў прыраўноўваюцца веласіпеды з падвесным рухавіком, мокікі і іншыя механічныя транспартныя сродкі з аналагічнымі характарыстыкамі;

2.28

матацыкл — двухколавы механiчны транспартны сродак з бакавым прычэпам або без яго, які прыводзіцца ў рух рухавіком з рабочым аб'ёмам 50 куб. сантыметраў і больш. Да матацыклаў прыраўноўваюцца трохколавыя механічныя транспартныя сродкі, якія маюць масу ў падрыхтаваным стане не больш за 400 кілаграмаў, а таксама механічныя транспартныя сродкі, абсталяваныя рухавіком з рабочым аб'ёмам да 50 куб. сантыметраў, якія маюць максімальную канструктыўную хуткасць руху, вызначаную іх тэхнічнай характарыстыкай, больш за 50 км/г;

2.29

населены пункт — тэрыторыя, уезды на якую і выезды з якой пазначаны дарожнымі знакамі «Пачатак населенага пункта» і «Канец населенага пункта» або дарожнымі знакамі «Пачатак мяжы населенага пункта» і «Канец мяжы населенага пункта»;

2.30

недастатковая бачнасць дарогі — бачнасць дарогі ў напрамку руху менш за 300 метраў, абумоўленая метэаралагічнымі ўмовамі (дождж, снег і іншыя атмасферныя ападкі) і іншымі фактарамі, якія зніжаюць празрыстасць атмасферы (пыл, дым, туман, смог);

2.31

абгон — апярэджанне аднаго або некалькіх транспартных сродкаў, якія рухаюцца, звязанае з выездам на сустрэчную паласу руху (бок праезнай часткі дарогі);

2.32

агляднасць дарогі — аб'ектыўная магчымасць бачыць дарожнае становішча з месца кіроўцы;

2.33

пазначанае скрыжаванне — скрыжаванне, перад якім на дадзенай дарозе ўсталяваны дарожны знак (знакі) прыярытэту;

2.34

узбочына — вылучаны канструктыўна ці суцэльнай лініяй гарызантальнай дарожнай разметкі элемент дарогі, які прымыкае непасрэдна да знешняга краю праезнай часткі, размешчаны з ёй на адным узроўні і не прызначаны для руху транспартных сродкаў, акрамя выпадкаў, прадугледжаных дадзенымі Правіламі;

2.35

абмежаваная агляднасць дарогі — агляднасць дарогі, абмежаваная геаметрычнымі параметрамі дарогі, прыдарожнымі інжынернымі збудаваннямі, насаджэннямі і іншымі аб'ектамі, а таксама транспартнымі сродкамі;

2.36

аднакалейны транспартны сродак — транспартны сродак на колах, якія размешчаны на адной лініі адно за адным;

2.37

небяспека для руху — змяненне ўмоў дарожнага руху або тэхнічнага стану транспартнага сродку, якое пагражае бяспецы ўдзельнікаў дарожнага руху, змушае кіроўцу знізіць хуткасць руху або спыніцца;

2.38

апярэджанне — рух транспартнага сродку з хуткасцю, якая перавышае хуткасць транспартнага сродку (транспартных сродкаў), які рухаецца ў спадарожным напрамку;

2.39

арганізаваная пешаходная калона — група пешаходаў, пазначаная ў адпаведнасці з дадзенымі Правіламі, якая мае кіраўніка і перамяшчаецца па вызначаным маршруце;

2.40

арганізаваная транспартная калона — транспартны сродак або транспартная калона, якія рухаюцца з пастаянна ўключаным блізкім святлом фар у суправаджэнні транспартнага сродку (транспартных сродкаў) аператыўнага прызначэння з уключанымі пробліскавымі сігналамі (маячкамі) (далей — маячкі) сіняга або сіняга і чырвонага колераў;

2.40'1

пакіданне месца дарожна-транспартнага здарэння — дзеянні ўдзельніка дарожна-транспартнага здарэння, накіраваныя на ўтойванне факта такога здарэння або абставін яго здзяйснення, якія выклікалі неабходнасць правядзення супрацоўнікамі Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі Міністэрства ўнутраных спраў (далей — ДАІ) мерапрыемстваў па ўстанаўленні (вышуку) дадзенага ўдзельніка і (або) вышуку транспартнага сродку;

2.41

прыпынак транспартнага сродку — наўмыснае спыненне руху транспартнага сродку на час да 5 хвілін, а таксама больш чым на 5 хвілін, калі гэта неабходна для пасадкі (высадкі) пасажыраў або загрузкі (разгрузкі) транспартнага сродку;

2.42

астравок бяспекі — тэхнічны сродак арганізацыі дарожнага руху на наземных пешаходных пераходах (калі не вызначана іншае, далей — пешаходны пераход), канструктыўна выдзелены над праезнай часткай дарогі і прызначаны ў якасці ахоўнага элемента для прыпынку пешаходаў пры пераходзе праезнай часткі дарогі. Да астраўка бяспекі адносіцца ўчастак раздзяляльнай паласы, праз якую праходзіць пешаходны пераход. У выпадках, вызначаных Міністрам унутраных спраў, дапускаецца пазначэнне астраўкоў бяспекі пры дапамозе ліній гарызантальнай дарожнай разметкі;

2.43

відавочца дарожна-транспартнага здарэння — фізічная асоба, якая непасрэдна назірала дарожна-транспартнае здарэнне, валодае адпаведнай інфармацыяй і можа яе паведаміць;

2.44

пасажыр — недатычная да кіравання транспартным сродкам фізічная асоба, якая знаходзіцца ў (на) транспартным сродку, а таксама ўваходзіць (садзіцца) у (на) транспартны сродак або сыходзіць (высаджваецца) з транспартнага сродку;

2.45

скрыжаванне — месца перасячэння, прымыкання ці разгалінавання дарог на адным узроўні. Мяжа скрыжавання вызначаецца ўяўнымі лініямі, якія злучаюць адпаведна процілеглыя, найбольш аддаленыя ад цэнтра скрыжавання пачаткі закругленняў праезных частак дарог. Не з'яўляюцца скрыжаваннямі перасячэнні з веласіпеднымі, пешаходнымі дарожкамі і дарожкамі для коннікаў;

2.46

пешаход — фізічная асоба, якая ўдзельнічае ў дарожным руху па-за транспартным сродкам, у тым ліку рухаецца ў інваліднай калясцы, на ролікавых каньках, лыжах, на іншым спартыўным інвентары, якая вядзе веласіпед, мапед або матацыкл, вязе санкі або каляску і не выконвае ў вызначаным парадку на дарозе рамонтныя і іншыя работы;

2.47

пешаходная дарожка — вылучаны канструктыўна ці з дапамогай ліній гарызантальнай дарожнай разметкі элемент дарогі, прызначаны для руху пешаходаў, пазначаны дарожным знакам «Пешаходная дарожка»;

2.48

пешаходная зона — тэрыторыя, прызначаная для руху пешаходаў і веласіпедыстаў, уезды на якую і выезды з якой пазначаны дарожнымі знакамі «Пешаходная зона» і «Канец пешаходнай зоны»;

2.49

пешаходны пераход — участак праезнай часткі, прызначаны для руху пешаходаў праз праезную частку дарогі і пазначаны дарожнымі знакамі «Пешаходны пераход» і (або) гарызантальнай дарожнай разметкай;

2.50

паласа руху — любая з падоўжных палос праезнай часткі дарогі, пазначаная або не пазначаная гарызантальнай дарожнай разметкай, якая мае шырыню, дастатковую для руху транспартных сродкаў (за выключэннем аднакалейных) у адзін рад;

2.51

перавага — права на першачарговы рух у вызначаным напрамку ў адносінах да іншых удзельнікаў дарожнага руху;

2.52

перашкода для дарожнага руху — аб'ект, які знаходзіцца на шляху ўдзельніка дарожнага руху і змушае яго знізіць хуткасць руху, здзейсніць аб'езд або спыніцца;

2.53

прылеглая тэрыторыя — тэрыторыя, якая непасрэдна прылягае да праезнай часткі дарогі, не прызначаная для скразнога праезду, на якой размешчаны двары, пляцоўкі, спецыяльна адведзеныя для стаянкі транспартных сродкаў, аўтазаправачныя станцыі, будаўнічыя пляцоўкі і іншыя аб'екты;

2.54

прычэп — транспартны сродак, прызначаны для руху ў саставе з механічным транспартным сродкам;

2.55

праезная частка дарогі — элемент дарогі, прызначаны для руху транспартных сродкаў і ў выпадках, прадугледжаных дадзенымі Правіламі, — для руху пешаходаў;

2.56

пуцеправод — інжынернае збудаванне над дарогай (чыгуначнымі пуцямі), якая мае з'езды на іншую дарогу, што забяспечвае рух на розных узроўнях;

2.57

раздзяляльная зона — вылучаны гарызантальнай дарожнай разметкай элемент дарогі, які падзяляе сумежныя праезныя часткі і не прызначаны для руху або спынення транспартных сродкаў і пешаходаў па-за спецыяльна абазначанымі месцамі;

2.58

раздзяляльная паласа — вылучаны канструктыўна элемент дарогі, які падзяляе сумежныя праезныя часткі і не прызначаны для руху або спынення транспартных сродкаў і пешаходаў па-за спецыяльна абсталяванымі і пазначанымі месцамі;

2.59

рэгуліроўшчык — супрацоўнік ДАІ, які ажыццяўляе рэгуляванне дарожнага руху ў экіпіроўцы (форменным адзенні павышанай бачнасці з элементамі са святлоадбівальнага матэрыялу, з жазлом і свістком). Да рэгуліроўшчыка прыраўноўваецца супрацоўнік Ваеннай аўтамабільнай інспекцыі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь у экіпіроўцы (форменным адзенні павышанай бачнасці з элементамі са святлоадбівальнага матэрыялу, з дыскам з чырвоным сігналам (святлоадбівальнікам) і свістком) пры забеспячэнні руху арганізаваных транспартных калон, у склад якіх уваходзяць транспартныя сродкі, якія належаць Міністэрству абароны, Міністэрству ўнутраных спраў, Камітэту дзяржаўнай бяспекі, Дзяржаўнаму пагранічнаму камітэту, іншым войскам і воінскім фарміраванням Рэспублікі Беларусь;

2.60

самаходная машына — гусенічны трактар, сельскагаспадарчая, дарожная, будаўнічая, іншая машына, якія без дадатковых мер забеспячэння бяспекі дарожнага руху, прадугледжаных арганізацыяй (заводам)-вытворцам, не прызначаны для ўдзелу ў дарожным руху. Пры ўдзеле ў дарожным руху самаходныя машыны прыроўніваюцца да транспартных сродкаў, а іх рух па дарогах павінен ажыццяўляцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі дадзеных Правіл, якія прад'яўляюцца да транспартных сродкаў, калі гэтымі Правіламі не вызначана іншае ў адносінах да самаходных машын;

2.61

стаянка транспартнага сродку — наўмыснае спыненне руху транспартнага сродку больш чым на 5 хвілін па прычынах, не звязаных з пасадкай (высадкай) пасажыраў або загрузкай (разгрузкай) транспартнага сродку;

2.62

тахограф — абсталяванне, прызначанае для ўсталявання на транспартных сродках з мэтай паказання або рэгістрацыі ў аўтаматычным ці паўаўтаматычным рэжыме звестак аб руху гэтых транспартных сродкаў або пэўных перыядах работы іх кіроўцаў;

2.63

цёмны час сутак — прамежак часу, які пачынаецца пасля заходу сонца і заканчваецца з узыходам сонца;

2.64

тэхнічна дапушчальная агульная маса — максімальная маса транспартнага сродку, вызначаная арганізацыяй (заводам)-вытворцам (з грузам, кіроўцам і пасажырамі). Тэхнічна дапушчальнай агульнай масай аўтапоезда з'яўляецца сума тэхнічна дапушчальных агульных мас аўтамабіля (колавага трактара) і прычэпа;

2.65

тэхнічныя сродкі арганізацыі дарожнага руху — прылады, канструкцыі і выявы, якія прымяняюцца на дарогах для рэгулявання дарожнага руху, забеспячэння яго бяспекі і павышэння прапускной здольнасці дарог;

2.66

ціхаходны транспартны сродак — механічны транспартны сродак, які па сваёй канструкцыі ці па ўмовах забеспячэння бяспекі пры перавозцы грузу не можа рухацца з хуткасцю, якая перавышае 30 км/г, пазначаны апазнавальным знакам “Ціхаходны транспартны сродак”;

2.67

трамвай — механічны транспартны сродак, прызначаны для руху па рэйках, які ўдзельнічае ў дарожным руху і не з'яўляецца чыгуначным транспартным сродкам;

2.68

транспартная калона — група з двух і больш механічных транспартных сродкаў, якія ідуць адзін за адным па адной паласе руху з пастаянна ўключаным блізкім святлом фар, пазначаная апазнавальнымі знакамі «Калона», калі іншае не вызначана падпунктам 201.7 пункта 201 дадзеных Правіл;

2.69

транспартны сродак — прылада, прызначаная для руху па дарозе i для перавозкi пасажыраў, грузаў або ўстаноўленага на iм абсталявання;

2.70

транспартны сродак аператыўнага прызначэння — транспартны сродак, які мае спецыяльную колераграфічную афарбоўку і (або) светлавую і гукавую сігналізацыю;

2.71

тралейбус — механічны транспартны сродак, які прыводзіцца ў рух электрарухавіком, сілкаванне якога забяспечваецца па падвеснай кантактнай сетцы ад знешняй крыніцы электрычнага току;

2.72

тратуар — элемент дарогі, які прымыкае да праезнай часткі або аддзелены ад яе газонам, прызначаны для руху пешаходаў і веласіпедыстаў у адпаведнасці з дадзенымі Правіламі;

2.73

цяжкавагавы і (або) буйнагабарытны транспартны сродак — транспартны сродак, максімальныя вагавыя і (або) габарытныя памеры якога перавышаюць дапушчальныя параметры, вызначаныя для праезду па аўтамабільных дарогах агульнага карыстання;

2.74

кіраванне транспартным сродкам — уздзеянне на органы кіравання транспартнага сродку, якое прывяло да змены яго размяшчэння адносна першапачатковага;

2.75

удасканаленае пакрыццё — пакрыццё дарогі з асфальтабетонных або цэментабетонных сумесяў, са шчэбеневых, гравійных, шлакавых або іншых мінеральных матэрыялаў, апрацаваных арганічнымі або мінеральнымі вяжучымі матэрыяламі, а таксама са штучных матэрыялаў: брусчаткі, каменю, клінкеру, мазаікі і да т.п.;

2.76

саступіць дарогу (не мець перавагі) — патрабаванне, якое азначае не аднаўляць рух, знізіць хуткасць аж да спынення транспартнага сродку ці не ажыццяўляць які-небудзь манеўр (за выключэннем патрабавання вызваліць занятую паласу руху, якое падаецца рэгуліроўшчыкам або кіроўцам транспартнага сродку аператыўнага прызначэння), калі гэта можа прымусіць іншага ўдзельніка (іншых удзельнікаў) дарожнага руху змяніць кірунак і (або) хуткасць руху;

2.77

удзельнік дарожнага руху — фізічная асоба, якая знаходзiцца ў межах дарогі ў (на) транспартным сродку або па-за ім, за выключэннем рэгуліроўшчыка і работніка, які выконвае ў вызначаным парадку на дарозе рамонтныя і іншыя работы;

2.77'1

шасі транспартнага сродку — састаўная частка грузавога аўтамабіля, прычэпа да яго, грузапасажырскага аўтамабіля, цягача, прызначаная для наступнага вырабу транспартнага сродку, якая не мае састаўляючых частак для перавозкі пасажыраў і (або) грузаў і ўстаноўленага абсталявання. Удзел у дарожным руху шасі транспартных сродкаў павінен ажыццяўляцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі дадзеных Правіл, якія прад’яўляюцца да транспартных сродкаў, калі гэтымі Правіламі не вызначана іншае ў адносінах да шасі транспартных сродкаў;

2.78

элементы дарогі — адна або некалькі праезных частак дарогі, трамвайныя пуці, тратуары, пешаходныя і веласіпедныя дарожкі (за выключэннем веласіпедных дарожак, размешчаных адасоблена ад дарогі), пасадачныя пляцоўкі, размешчаныя на праезнай частцы дарогі і прызначаныя для пасадкі (высадкі) пасажыраў у маршрутны транспартны сродак, астраўкі бяспекі, вылучаныя канструктыўна або лініямі гарызантальнай дарожнай разметкі, раздзяляльныя зоны, раздзяляльныя палосы, насцілы чыгуначных пераездаў і ўзбочыны;

2.79

эстакада — інжынернае збудаванне для ўзняцця адной дарогі над іншай у месцы іх перасячэння, а таксама для размяшчэння на пэўнай вышыні дарогі, якая не мае з'ездаў на іншую дарогу.

3

На дарогах Рэспублікі Беларусь устаноўлены правабаковы рух транспартных сродкаў.

4

ДАІ ажыццяўляе ўзгадненне дарожнага руху ў выпадках, якія не вызначаны дадзенымі Правіламі, а таксама пры прымяненні з эксперыментальнымі мэтамі тэхнічных сродкаў арганізацыі дарожнага руху, не прадугледжаных дадзенымі Правіламі і тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі. Своечасовае давядзенне ў даступных формах да ведама фізічных і юрыдычных асоб тэхнiчных нарматыўных прававых актаў у сферы дарожнага руху і забеспячэння яго бяспекі ўскладаецца на рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі. Формы і метады кантролю за выкананнем удзельнікамі дарожнага руху патрабаванняў дадзеных Правіл вызначаюцца Міністэрствам унутраных спраў.

5

Парушэнне дадзеных Правіл цягне адказнасць, вызначаную заканадаўчымі актамі.

2 Агульныя правы і абавязкі ўдзельнікаў дарожнага руху #

6

Удзельнікі дарожнага руху маюць права на:

6.1

забеспячэнне бяспечных і эфектыўных умоў дарожнага руху;

6.2

атрыманне ад дзяржаўных органаў і ўпаўнаважаных службовых асоб дакладнай інфармацыі аб бяспечных умовах дарожнага руху, прычынах увядзення абмежавання або забароны руху па дарогах, якасці прадукцыі, работ і паслуг, звязаных з забеспячэннем бяспекі дарожнага руху;

6.3

атрыманне медыцынскай дапамогі ў выпадку дарожна-транспартнага здарэння;

6.4

абскарджанне ў парадку, вызначаным заканадаўствам, дзеянняў (бяздзеяння) дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць дзяржаўнае рэгуляванне і кіраванне ў сферы дарожнага руху і забеспячэння яго бяспекі (іх службовых асоб);

6.5

пакрыццё нанесенай ім і (або) іх маёмасці шкоды ў парадку, вызначаным заканадаўствам;

6.6

карыстанне iншымi правамi ў галiне дарожнага руху, прадугледжанымі дадзенымі Правіламі і іншымі актамі заканадаўства.

7

Удзельнікі дарожнага руху абавязаны:

7.1

ведаць і выконваць патрабаванні дадзеных Правіл, якія адносяцца да іх, і кіравацца:

7.1'1

сігналамі (указаннямі) рэгуліроўшчыка (далей — сігналы рэгуліроўшчыка);

7.1'2

сігналамі дарожных святлафораў (калі не вызначана іншае, далей — святлафоры), віды якіх прыведзены ў дадатку 1 да дадзеных Правіл;

7.1'3

дарожнымі знакамі згодна з дадаткам 2 да дадзеных Правіл;

7.1'4

гарызантальнай і вертыкальнай дарожнай разметкай згодна з дадаткам 3 да дадзеных Правіл;

7.1'5

пералікам няспраўнасцей транспартных сродкаў і ўмоў, пры якіх забараняецца іх удзел у дарожным руху, згодна з дадаткам 4 да дадзеных Правіл;

7.1'6

апазнавальнымі знакамі транспартных сродкаў згодна з дадаткам 5 да дадзеных Правіл;

7.2

не ствараць перашкод і небяспекі для дарожнага руху, дзейнічаць добрасумленна, карэктна, быць уважлівымі і ўзаемна ветлівымі. Кожны ўдзельнік дарожнага руху, які выконвае дадзеныя Правілы, мае права разлічваць на тое, што і іншыя ўдзельнікі дарожнага руху будуць выконваць патрабаванні, якія змяшчаюцца ў іх;

7.3

пры суправаджэнні дзяцей прымаць усе магчымыя меры па недапушчэнні іх самастойнага выхаду на праезную частку дарогі (акрамя жылых і пешаходных зон);

7.4

прымаць меры па недапушчэнні забруджвання дарог і навакольнага асяроддзя, не выкідваць смецце і іншыя прадметы па-за спецыяльна адведзенымі месцамі;

7.5

выконваць іншыя абавязкі ў галіне дарожнага руху, вызначаныя дадзенымі Правіламі і іншымі актамі заканадаўства.

3 Правы і абавязкі кіроўцаў #

8

Кіроўца мае права:

8.1

кіраваць транспартным сродкам у вызначаным парадку;

8.2

ведаць прычыну, па якой супрацоўнікам ДАІ, іншымі службовымі асобамі, названымi ў частцы трэцяй падпункта 9.1 пункта 9 дадзеных Правіл, спынены транспартны сродак, а таксама прозвішча і пасаду гэтых асоб. Пры гэтым асобы, якія валодаюць правам правяраць у кіроўцы дакументы, абавязаны прад'явіць па патрабаванні кіроўцы службовае пасведчанне;

8.3

перадаваць кіраванне транспартным сродкам іншай асобе, якая мае пры сабе пасведчанне кіроўцы на права кіравання механічным транспартным сродкам адпаведнай катэгорыі з талонам да яго (пасведчанне трактарыста-машыніста адпаведнай катэгорыі з талонам да яго, часовы дазвол на права кіравання механічным транспартным сродкам) (калі не пазначана іншае, далей — пасведчанне кіроўцы).

9

Кіроўца абавязаны:

9.1

спыняцца па патрабаванні супрацоўніка ДАІ ў форменным адзенні, а таксама службовых асоб, названых у частцы трэцяй дадзенага падпункта. Патрабаванне супрацоўніка ДАІ аб спыненні транспартнага сродку павінна быць пададзена ім своечасова, зразумела кіроўцу і выяўляецца шляхам падачы сігналу жазлом, жэстам рукі, з дапамогай гукаўзмацняльніка або шляхам уключэння на транспартным сродку аператыўнага прызначэння маячка чырвонага колеру. Службовыя асобы Следчага камітэту, органаў унутраных спраў (акрамя супрацоўнікаў ДАІ), органаў дзяржаўнай аховы, Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю, Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, унутраных войск Міністэрства ўнутраных спраў, органаў дзяржаўнай бяспекі, органаў пагранічнай службы, мытных органаў, Транспартнай інспекцыі Міністэрства транспарту і камунікацый, дзяржаўнай лясной аховы маюць права спынення транспартных сродкаў толькі для ажыццяўлення ўскладзеных на названыя органы функцый. Пры гэтым яны павінны быць у форменным адзенні, камізэльцы павышанай бачнасці з элементамі са святлоадбівальнага матэрыялу і выкарыстоўваць для падачы сігналу дыск з чырвоным сігналам (святлоадбівальнікам). Службовай асобай Транспартнай інспекцыі Міністэрства транспарту і камунікацый, які знаходзіцца ў спецыяльным аўтамабілі, што рухаецца, таксама можа быць пададзена патрабаванне аб спыненні транспартнага сродку, якое павінна быць своечасовым, зразумелым кіроўцу і выражацца праз уключэнне маячка сіняга колеру з выкарыстаннем спецыяльнай інфармацыйнай таблічкі (табло) і (або) гукаўзмацняльнай прылады. У цёмны час сутак па-за населеным пунктам побач з названымі асобамі павінен знаходзіцца транспартны сродак аператыўнага прызначэння з уключаным маячком;

9.2

па патрабаванні супрацоўніка ДАІ прайсці ў вызначаным парадку праверку (агляд) для вызначэння стану алкагольнага ап'янення або стану, выкліканага ўжываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў;

9.3

трымаць транспартны сродак, які ўдзельнічае ў дарожным руху, у тэхнічна спраўным стане, правяраць яго тэхнічны стан перад пачаткам руху, а таксама трымаць у чысціні шкло і знешнія светлавыя прыборы;

9.4

своечасова прадстаўляць на дзяржаўны тэхнічны агляд механiчны транспартны сродак, які ўдзельнічае ў дарожным руху і знаходзіцца ў яго валоданні, а таксама прычэп (прычэпы) да яго;

9.5

быць прышпіленым і не перавозіць пасажыраў з непрышпіленымі рамянямі бяспекі пры руху ў механічным транспартным сродку, абсталяваным рамянямі бяспекі, а пры руху на матацыкле, мапедзе — быць у зашпіленым моташлеме і не перавозіць пасажыраў без зашпіленага моташлема. Рамянём бяспекі таксама павінна быць прышпілена асоба, якая навучаецца кіраванню механічным транспартным сродкам. Дапускаецца не прышпільвацца рамянямі бяспекі толькі для: — асобы, якая навучае кіраванню механічным транспартным сродкам, калі транспартным сродкам кіруе асоба, якая навучаецца кіраванню; — пасажыра транспартнага сродку аператыўнага прызначэння, кіроўцы аўтамабіля-таксі — пры руху ў населеным пункце; — пасажыра і кіроўцы з медыцынскімі супрацьпаказаннямі, пералік якіх вызначаецца Міністэрствам аховы здароўя;

9.6

не выконваць дзеянняў, якія адцягваюць яго ад кіравання транспартным сродкам;

9.7

забяспечыць бяспечныя ўмовы перавозкі пасажыраў;

9.8

выязджаць на дарогу і з'язджаць з яе, пераязджаць раздзяляльную паласу, раздзяляльную зону ў вызначаных для гэтага месцах (месцы, пазначаныя адпаведнымі дарожнымі знакамі, дарожнай разметкай, абсталяваныя прыладамі, якія агароджваюць ці накіроўваюць і т.п.);

9.9

саступаць дарогу пешаходам на нерэгулюемых пешаходных пераходах і рэгулюемых пешаходных пераходах пры адначасовым для кіроўцаў і пешаходаў дазваляльным сігнале рэгуліроўшчыка ці святлафора;

9.10

пакідаць сваё месца або пакідаць транспартны сродак толькі ў выпадку, калі прыняты меры, якія выключаюць самаадвольны рух транспартнага сродку;

9.11

пры перадачы кіравання механічным транспартным сродкам іншай асобе пераканацца ў наяўнасці ў яе пры сабе пасведчання кіроўцы (акрамя выпадку навучання кіраванню механічным транспартным сродкам);

9.12

прадастаўляць транспартны сродак для вызвалення праезнай часткі дарогі ад транспартных сродкаў, пашкоджаных пры дарожна-транспартным здарэнні, а таксама дастаўляць на кіруемым транспартным сродку*: — асоб, якія маюць патрэбу ў тэрміновай медыцынскай дапамозе, у бліжэйшую арганізацыю аховы здароўя па патрабаванні работнікаў праваахоўных органаў і арганізацый аховы здароўя; — работнікаў арганізацый аховы здароўя для праезду да месца знаходжання хворага, жыццё якога знаходзіцца пад пагрозай; — работнікаў праваахоўных органаў для выканання неадкладных службовых абавязкаў, звязаных з пераследам асоб, якія падазраюцца ў здзяйсненні злачынстваў, пры прыняцці названымі работнікамі належных мер па забеспячэнні бяспекі кіроўцы і пасажыраў транспартнага сродку. * Дадзенае патрабаванне не распаўсюджваецца на транспартныя сродкі, якія належаць дыпламатычным прадстаўніцтвам, консульскім установам, міжнародным арганізацыям і грамадзянам замежных дзяржаў, якія карыстаюцца ў адпаведнасці з міжнароднымі дамовамі Рэспублікі Беларусь дыпламатычным імунітэтам. Асоба, якая скарысталася транспартным сродкам, павінна па патрабаванні кіроўцы выдаць яму адпаведную даведку або зрабіць запіс у дарожны ліст з указаннем працягласці паездкі, пройдзенай адлегласці, свайго прозвішча, пасады, нумара службовага пасведчання, назвы адпаведнай арганізацыі. Выдаткі, звязаныя з прадастаўленнем транспартнага сродку, па патрабаванні ўладальніка транспартнага сродку пакрываюцца ў парадку, вызначаным заканадаўствам;

9.13

навучаць кіраванню механічным транспартным сродкам у індывідуальным парадку толькі на пляцоўках або аўтадромах, закрытых для дарожнага руху, пры наяўнасці ў яго пасведчання кіроўцы і стажу кіроўцы не менш за два гады.

10

Кіроўцу забараняецца:

10.1

кіраваць транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення або ў стане, выкліканым спажываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў, а таксама спажываць алкагольныя, слабаалкагольныя напоі, піва, наркатычныя сродкі, псіхатропныя рэчывы, іх аналагі, таксічныя або іншыя адурманьваючыя рэчывы пасля падачы супрацоўнікам органаў унутраных спраў патрабавання аб спыненні транспартнага сродку да праходжання ў вызначаным парадку праверкі (агляду) на прадмет вызначэння стану алкагольнага ап'янення або стану, выкліканага спажываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў. У гэтых выпадках супрацоўнікі ДАІ маюць права рабіць затрыманне і прымусовую адбуксіроўку транспартнага сродку пры адсутнасці іншай правамернай магчымасці даставіць транспартны сродак да месца захоўвання;

10.2

кіраваць транспартным сродкам у хваравітым ці стомленым стане, які ставіць пад пагрозу бяспеку дарожнага руху, пад уздзеяннем лекавых сродкаў, якія зніжаюць увагу і хуткасць рэакцыі;

10.3

удзельнічаць у дарожным руху на транспартным сродку, канструкцыя і тэхнічны стан якога не адпавядаюць патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў, які не прайшоў дзяржаўны тэхнічны агляд і працэдуру выдачы дазволу на яго допуск да ўдзелу ў дарожным руху, з забруджваннямі (наслаеннямі), якія абмяжоўваюць агляднасць дарогі, а таксама не дазваляюць бачыць інфармацыю на рэгістрацыйным знаку (часовым нумарным знаку) з адлегласці 40 метраў і менш;

10.4

карыстацца падчас руху транспартнага сродку апаратам радыё- і тэлефоннай сувязі, не абсталяваным тэхнічнай прыладай, якая дазваляе весці перамовы без выкарыстання рук;

10.5

рухацца на цяжкавагавым і (або) буйнагабарытным транспартным сродку без спецыяльнага дазволу на праезд цяжкавагавых і (або) буйнагабарытных транспартных сродкаў па аўтамабільных дарогах агульнага карыстання Рэспублікі Беларусь, за выключэннем цяжкавагавага і (або) буйнагабарытнага транспартнага сродку, што заязджае (заехаў) на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў Рэспубліцы Беларусь і перавышае дапушчальную агульную масу і (або) дапушчальную восевую масу да 10 працэнтаў уключна, або рухацца з парушэннем маршруту і ўмоў руху, указаных у спецыяльным дазволе на праезд цяжкавагавых і (або) буйнагабарытных транспартных сродкаў па аўтамабільных дарогах агульнага карыстання Рэспублікі Беларусь ці ў іншых дакументах, вызначаных Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь;

10.6

рухацца на транспартным сродку на гусенічным ходзе або з металічнымі шыпамі (акрамя ашыпаваных шын) па дарозе агульнага карыстання з удасканаленым пакрыццём.

11

Уладальніку транспартнага сродку або асобе, якая мае права на кіраванне транспартным сродкам, забараняецца перадаваць кіраванне транспартным сродкам іншай асобе:

11.1

якая не мае пры сабе пасведчання кіроўцы;

11.2

не пераканаўшыся, што асоба, якой перадаецца кіраванне транспартным сродкам, не знаходзiцца ў стане алкагольнага ап'янення або ў стане, выкліканым ужываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў.

12

Кіроўца механічнага транспартнага сродку абавязаны мець пры сабе і перадаваць для праверкі:

12.1

супрацоўнікам ДАІ:

12.1.1

пасведчанне кіроўцы;

12.1.2

пасведчанне аб рэгістрацыі (тэхнічны пашпарт, тэхнічны талон) механічнага транспартнага сродку, прычэпа (прычэпаў) да яго або пашпарт транспартнага сродку (яго шасі), які зроблены ў Рэспубліцы Беларусь і дастаўляецца да спажыўца або да месца дзяржаўнай рэгістрацыі сваім ходам (далей — пашпарт транспартнага сродку (шасі транспартнага сродку);

12.1.3

дакумент (сертыфікат) аб праходжанні дзяржаўнага тэхнічнага агляду (за выключэннем транспартнага сродку, які раней не зарэгістраваны ў Рэспубліцы Беларусь і дастаўляецца спажыўцу або да месца дзяржаўнай рэгістрацыі сваім ходам);

12.1.4

дакумент, які пацвярджае заключэнне дагавора абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальніка транспартнага сродку (дагавор унутранага страхавання, ці дагавор комплекснага унутранага страхавання, ці дагавор памежнага страхавання, ці дагавор страхавання «Зялёная карта», дзейны на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь);

12.1.5

дазвол органа сувязі на выкарыстанне сродкаў радыё- і спадарожнікавай сувязі пры іх наяўнасці на транспартным сродку ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам (за выключэннем кіроўцы транспартнага сродку аператыўнага прызначэння);

12.2

службовым асобам, названым у частцы трэцяй падпункта 9.1 пункта 9 дадзеных Правіл, — дакумент, які сведчыць яго асобу, або пасведчанне кіроўцы, а службовым асобам Транспартнай інспекцыі Міністэрства транспарту і камунікацый пры ажыццяўленні імі ўскладзеных на згаданую існпекцыю функцый таксама дакумент, указаны ў падпункце 12.1.2 гэтага пункта.

13

Кіроўцы механічных транспартных сродкаў, што эксплуатуюцца юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія ажыццяўляюць дзейнасць у галіне аўтамабільнага транспарту, таксама павінны мець пры сабе і перадаваць для праверкі супрацоўнікам ДАІ, службовым асобам Транспартнай інспекцыі Міністэрства транспарту і камунікацый транспартныя і іншыя дакументы, прадугледжаныя заканадаўчымі актамі. Іншыя службовыя асобы маюць права праверкі дакументаў у кіроўцаў механічных транспартных сродкаў толькі ў выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі для здзяйснення функцый, ускладзеных на адпаведныя дзяржаўныя органы.

14

Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія часова знаходзяцца ці часова пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, пры кіраванні механічным транспартным сродкам абавязаны мець:

14.1

дакументы, названыя ў падпунктах 12.1.3 (у выпадку кіравання транспартным сродкам, зарэгістраваным у Рэспубліцы Беларусь), 12.1.4 і 12.1.5 пункта 12 дадзеных Правіл;

14.2

нацыянальнае пасведчанне кіроўцы, якое адпавядае патрабаванням Канвенцыі аб дарожным руху, падпісанай у г. Вене 8 лістапада 1968 года (далей — Канвенцыя), а ў выпадку неадпаведнасці патрабаванням Канвенцыі — нацыянальнае пасведчанне кіроўцы з завераным перакладам на адну з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь;

14.3

пасведчанне аб рэгістрацыі транспартнага сродку, якое адпавядае патрабаванням Канвенцыі, — у выпадку кіравання транспартным сродкам, які не зарэгістраваны ў Рэспубліцы Беларусь і часова знаходзіцца на яе тэрыторыі;

14.4

на транспартным сродку рэгістрацыйныя знакі, выдадзеныя кампетэнтным органам дзяржавы, у якой ён зарэгістраваны.

15

Кіроўца механічнага транспартнага сродку, абсталяванага тахографам, абавязаны прадастаўляць па патрабаванні супрацоўнікаў ДАІ, службовых асоб Транспартнай інспекцыі Міністэрства транспарту і камунікацый:

15.1

пры аналагавым тахографе — рэгістрацыйныя лісткі (тахаграмы);

15.2

пры лічбавым тахографе — картку кіроўцы, раздрукоўкі з тахографа, рэгістрацыйныя лісткі (тахаграмы), даць доступ да тахографа;

15.3

пасведчанне аб праверцы (каліброўцы) тахографа.

4 Правы і абавязкі пешаходаў #

16

Пешаход мае права:

16.1

рухацца па дарогах у адпаведнасці з дадзенымі Правіламі;

16.2

на пераважнае перасячэнне праезнай часткі дарогі па нерэгулюемым пешаходным пераходзе, а таксама па рэгулюемым пешаходным пераходзе пры дазваляльным сігнале рэгуліроўшчыка або святлафора.

17

Пешаход абавязаны:

17.1

рухацца па тратуары, пешаходнай або веласіпеднай дарожцы, а пры іх адсутнасці — па ўзбочыне. У выпадку адсутнасці названых элементаў дарогі ці немагчымасці руху пешаходаў па іх дапускаецца рух пешахода па краі яе праезнай часткі насустрач руху транспартных сродкаў. Пры руху па краі праезнай часткі дарогі ў цёмны час сутак пешаход павінен пазначыць сябе святлоадбівальным элементам (элементамі). Святлоадбівальныя характарыстыкі дадзеных элементаў вызначаюцца тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі;

17.2

пераходзіць (перасякаць) праезную частку дарогі па падземным, надземным пешаходных пераходах, а пры іх адсутнасці, пераканаўшыся, што выхад на праезную частку дарогі бяспечны, — па наземным пешаходным пераходзе (пры адсутнасці наземнага пешаходнага перахода — на скрыжаванні па лініі тратуараў або ўзбочын);

17.3

пры адсутнасці ў межах бачнасці пешахода падземнага, надземнага, наземнага пешаходных пераходаў і скрыжавання пераходзіць (перасякаць) праезную частку дарогі па найкарацейшай траекторыі на ўчастку, дзе дарога добра праглядаецца ў абодва бакі, пераканаўшыся, што выхад на праезную частку дарогі бяспечны і сваімі дзеяннямі пешаход не створыць перашкоды для руху транспартных сродкаў. Пры перасячэнні праезнай часткі дарогі па-за падземным, надземным, наземным пешаходнымі пераходамі і скрыжаваннем у цёмны час сутак пешаходу рэкамендуецца пазначыць сябе святлоадбівальным элементам (элементамі).

18

Пешаходу забараняецца:

18.1

рухацца па краі праезнай часткі дарогі пры наяўнасці тратуара, пешаходнай або веласіпеднай дарожкі, узбочыны, па якіх магчымы рух пешаходаў, за выключэннем выпадкаў, названых у пунктах 21 і 135 дадзеных Правіл;

18.2

затрымлівацца і спыняцца на праезнай частцы дарогі, у тым ліку на лініі гарызантальнай дарожнай разметкі, якая падзяляе сустрэчныя і спадарожныя патокі транспартных сродкаў, за выключэннем спынення на астраўках бяспекі;

18.3

пераходзіць (перасякаць) праезную частку па-за падземным, надземным, наземным пешаходнымі пераходамі на ўчастку дарогі:

18.3.1

з раздзяляльнай зонай, раздзяляльнай паласой;

18.3.2

з агульнай колькасцю палос руху шэсць і больш;

18.3.3

дзе ўсталяваныя дарожныя агароджванні;

18.4

выходзіць на праезную частку дарогі з-за транспартнага сродку, які стаіць, або іншага аб'екта, які абмяжоўвае агляднасць дарогі, не пераканаўшыся ў адсутнасці транспартных сродкаў, якія набліжаюцца.

19

У цёмны час сутак і (або) пры недастатковай бачнасці дарогі ў выпадку руху па ўзбочыне ці па краі праезнай часткі дарогі пешаход, які вядзе веласіпед, мапед, матацыкл без бакавога прычэпа, пазначаны габарытнымі агнямі, сігнальнымі ліхтарамі ці святлоадбівальнікамі (святлоадбівальнымі стужкамі), павінен рухацца па ходу руху транспартных сродкаў.

20

Пры набліжэнні транспартнага сродку з уключанымі маячкамі сіняга або сіняга і чырвонага колераў пешаходу забараняецца пераходзіць (перасякаць) праезную частку дарогі, а пешаход, які знаходзіцца на праезнай частцы дарогі, павінен сысці з яе, выконваючы меры засцярогі.

21

Рух арганізаванай пешаходнай калоны па праезнай частцы дарогі дазваляецца толькі ў кірунку руху транспартных сродкаў па правым баку не больш за чатырох чалавек у радзе. У светлы час сутак спераду і ззаду з левага боку гэтай калоны павінны быць суправаджальнікі са сцяжкамі чырвонага колеру, а ў цёмны час сутак і (або) пры недастатковай бачнасці дарогі спераду — суправаджальнікі з ліхтаром, які выпраменьвае белае святло, і ззаду, — які выпраменьвае чырвонае святло.

22

Групы дзяцей дазваляецца вадзіць толькі па тратуарах, пешаходных і веласіпедных дарожках, а пры іх адсутнасці — па ўзбочынах насустрач руху транспартных сродкаў і толькі ў светлы час сутак. Пры гэтым іх перамяшчэнне ажыццяўляецца калонай не больш чым па двое дзяцей у радзе ў суправаджэнні паўналетніх з разліку не менш за аднаго суправаджальніка на дваццаць дзяцей.

5 Абавязкі пасажыраў #

23

Пасажыр абавязаны:

23.1

ажыццяўляць пасадку (высадку) толькі пасля поўнага спынення транспартнага сродку з пасадачнай пляцоўкі, а ў выпадку яе адсутнасці — з тратуара або ўзбочыны;

23.2

быць прышпіленым пры руху ў механічным транспартным сродку, абсталяваным рамянямі бяспекі, акрамя выпадкаў, названых у абзацах трэцім і чацвёртым часткі другой падпункта 9.5 пункта 9 дадзеных Правіл, а пры паездцы на матацыкле, мапедзе — быць у зашпіленым моташлеме;

23.3

выконваць меры бяспекі, прадугледжаныя канструкцыяй транспартнага сродку і правіламі перавозкі пасажыраў на адпаведным відзе транспартнага сродку.

24

Пасажыру забараняецца:

24.1

адцягваць увагу кіроўцы ад кіравання транспартным сродкам падчас яго руху і (або) перашкаджаць кіроўцу ў кіраванні транспартным сродкам;

24.2

перашкаджаць закрыццю дзвярэй транспартнага сродку, а падчас яго руху высоўвацца ў аконныя праёмы, адчыняць дзверы транспартнага сродку;

24.3

пры руху на грузавым аўтамабілі з бартавой платформай стаяць, сядзець на яго бартах або на грузе, які знаходзіцца вышэй за барты.

6 Правы і абавязкі кіроўцаў і іншых асоб у асаблівых выпадках #

25

Кіроўцы транспартных сродкаў аператыўнага прызначэння пры ўмове забеспячэння бяспекі дарожнага руху могуць адступаць: з уключанымі маячкамі сіняга або сіняга і чырвонага колераў ад патрабаванняў святлафораў, дарожных знакаў і дарожнай разметкі, а таксама падпункта 9.8 пункта 9, падпункта 10.4 пункта 10, раздзела 9 (акрамя пунктаў 56 i 57), раздзелаў 10-15, 17-19 гэтых Правіл; без уключэння маячкоў сіняга або сіняга і чырвонага колераў ад патрабаванняў падпункта 10.4 пункта 10, раздзела 19 гэтых Правіл. Гэтым жа правам карыстаюцца кіроўцы транспартных сродкаў, якія суправаджаюцца транспартнымі сродкамі аператыўнага прызначэння з уключанымі маячкамі сіняга або сіняга і чырвонага колераў. Правы і абавязкі кіроўцаў і іншых асоб пры ажыццяўленні дзяржаўнай аховы вызначаюцца дадзенымі Правіламі з улікам асаблівасцей, прадугледжаных заканадаўчымі актамі ў галіне дзяржаўнай аховы.

26

Пры набліжэнні транспартнага сродку аператыўнага прызначэння з уключаным маячком сіняга колеру кіроўцы незалежна ад напрамку іх руху павінны саступіць дарогу і забяспечыць бесперашкодны праезд дадзенаму транспартнаму сродку аператыўнага прызначэння, а ў выпадку яго руху ў арганізаванай транспартнай калоне — і іншым транспартным сродкам, якія рухаюцца ў гэтай калоне. Пры набліжэнні транспартнага сродку аператыўнага прызначэння з уключанымі маячкамі сіняга і чырвонага колераў кіроўцы спадарожных, а пры адсутнасці раздзяляльнай паласы таксама і кіроўцы сустрэчных транспартных сродкаў павінны спыніцца на ўзбочыне, а пры яе адсутнасці — заняць крайняе правае становішча ў правай паласе руху і спыніцца. Пачынаць рух дазваляецца пасля праезду транспартнага сродку аператыўнага прызначэння з уключанымі маячкамі сіняга і чырвонага колераў. Пры руху арганізаванай транспартнай калоны ў суправаджэнні транспартнага сродку аператыўнага прызначэння з уключанымі маячкамі сіняга і чырвонага колераў пачынаць рух дазваляецца толькі пасля праезду транспартнага сродку аператыўнага прызначэння з уключаным маячком сіняга колеру (транспартнага сродку з апазнавальным знакам «Калона»), які замыкае дадзеную калону.

27

Кіроўцам забараняецца выконваць абгон і апярэджанне транспартных сродкаў аператыўнага прызначэння з уключанымі маячкамі сіняга або сіняга і чырвонага колераў, рухацца па суседніх палосах руху з іх хуткасцю руху, а таксама займаць месца ў арганізаванай транспартнай калоне або перасякаць яе.

28

Набліжаючыся да транспартнага сродку аператыўнага прызначэння, які стаіць, з уключаным:

28.1

маячком сіняга колеру, кіроўца павінен знізіць хуткасць руху, каб мець магчымасць неадкладна спыніцца ў выпадку неабходнасці;

28.2

маячком чырвонага колеру, кіроўца павінен спыніцца, не даязджаючы да транспартнага сродку аператыўнага прызначэння. Працягнуць рух можна пасля дазволу рэгуліроўшчыка або выключэння маячка чырвонага колеру.

29

Для прыцягнення ўвагі ўдзельнікаў дарожнага руху кіроўцамі транспартных сродкаў аператыўнага прызначэння можа падавацца спецыяльны гукавы сігнал.

30

Кіроўцы транспартных сродкаў дарожна-эксплуатацыйнай службы, абсталяваных маячком аранжавага колеру, пры яго ўключэнні падчас выканання работ на дарозе могуць адыходзіць ад патрабаванняў дарожных знакаў і дарожнай разметкі, а таксама падпункта 9.8 пункта 9, пунктаў 78–80, 82 і падпунктаў 131.1–131.5 пункта 131 дадзеных Правіл пры ўмове забеспячэння бяспекі дарожнага руху. Удзельнікі дарожнага руху не павінны перашкаджаць іх працы. Маячок аранжавага колеру, усталяваны на іншых транспартных сродках і самаходных машынах, не дае перавагі ў руху і служыць для прыцягнення ўвагі і папярэджання ўдзельнікаў дарожнага руху аб магчымай небяспецы.

31

Кіроўца, які з'яўляецца ўдзельнікам дарожна-транспартнага здарэння, абавязаны:

31.1

неадкладна спыніцца і не прымаць мер па змяненні становішча транспартнага сродку, пры ўдзеле якога здзейснена дарожна-транспартнае здарэнне, уключыць аварыйную светлавую сігналізацыю і выставіць знак аварыйнага прыпынку з выкананнем палажэнняў раздзела 8 дадзеных Правіл, заставацца на месцы дарожна-транспартнага здарэння па магчымасці па-за праезнай часткай дарогі;

31.2

прыняць меры па аказанні неабходнай дапамогі пацярпеламу (пацярпелым), выклікаць хуткую медыцынскую дапамогу, а калі гэта немагчыма, прыняць меры па дастаўцы пацярпелага (пацярпелых) у бліжэйшую арганізацыю аховы здароўя на адным або некалькіх спадарожных транспартных сродках (пры іх адсутнасці даставіць пацярпелага (пацярпелых) на транспартным сродку, пры ўдзеле якога здзейснена дарожна-транспартнае здарэнне). Кіроўца, які даставіў пацярпелага (пацярпелых) у арганізацыю аховы здароўя, абавязаны паведаміць у гэтай арганізацыі сваё прозвішча, рэгістрацыйны знак (часовы нумарны знак) транспартнага сродку, прад'явіўшы пасведчанне кіроўцы ці іншы дакумент, які сведчыць асобу, і пасведчанне аб рэгістрацыі транспартнага сродку (пашпарт транспартнага сродку (шасі транспартнага сродку), і вярнуцца да месца дарожна-транспартнага здарэння;

31.3

у выпадку неабходнасці дастаўкі пацярпелага (пацярпелых) у арганізацыю аховы здароўя на транспартным сродку, пры ўдзеле якога здзейснена дарожна-транспартнае здарэнне, папярэдне зафіксаваць у прысутнасці відавочцаў становішча транспартнага сродку, сляды і прадметы, якія адносяцца да дарожна-транспартнага здарэння;

31.4

запісаць прозвішчы і адрасы відавочцаў дарожна-транспартнага здарэння, паведаміць аб здарэнні ў міліцыю і чакаць прыбыцця супрацоўнікаў ДАІ, за выключэннем выпадку, прадугледжанага часткай другой дадзенага падпункта. Кіроўца ў выпадку дарожна-транспартнага здарэння мае права не паведамляць пра яго ў ДАІ пры наяўнасці адначасова наступных абставін: — у выніку дарожна-транспартнага здарэння шкода нанесена толькі транспартным сродкам, якія ўдзельнічалі ў дарожна-транспартным здарэнні; — дарожна-транспартнае здарэнне адбылося з удзелам двух транспартных сродкаў, у тым ліку ў выпадку прыпынку, вымушанага прыпынку, стаянкі аднаго з іх; — асобы, якія кіравалі транспартнымі сродкамі, маюць права на кіраванне транспартным сродкам адпаведнай катэгорыі; — у дачыненні да транспартных сродкаў маюцца дзеючыя дагаворы абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці іх уладальнікаў; — абставіны прычынення шкоды ў сувязі з пашкоджаннем транспартнага сродку ў выніку дарожна-транспартнага здарэння, характар і пералік бачных пашкоджанняў транспартных сродкаў не выклікаюць рознагалоссяў у кіроўцаў транспартных сродкаў, якія ўдзельнічалі ў дарожна-транспартным здарэнні, і зафіксаваны ў паведамленні пра дарожна-транспартнае здарэнне, бланк якога запоўнены гэтымі кіроўцамі транспартных сродкаў, у адпаведнасці з Палажэннем аб страхавой дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 жніўня 2006 г. № 530 «Аб страхавой дзейнасці» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2006 г., № 143, 1/7866); — кіроўцы транспартных сродкаў, якія ўдзельнічалі ў дарожна-транспартным здарэнні, не маюць прэтэнзій да стану адзін аднаго (гэтыя асобы не знаходзяцца ў станне алкагольнага ап'янення або ў стане, выкліканым ужываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьвальных рэчываў, у выніку дарожна-транспартнага здарэння не нанесена шкода жыццю або здароўю); — шкода, учыненая кожнаму транспартнаму сродку, што ўдзельнічалі ў дарожна-транспартным здарэнні, ацэньваецца кіроўцамі гэтых транспартных сродкаў у памеры да 400 еўра па вызначаным Нацыянальным банкам афіцыйным курсе беларускага рубля ў адносінах да еўра. Дзеянне часткі другой гэтага падпункта распаўсюджваецца таксама на выпадкі прыпынку, вымушанага прыпынку, стаянкі аднаго з транспартных сродкаў, што ўдзельнічалі ў дарожна-транспартным здарэнні, і прысутнасці яго ўладальніка на месцы здарэння. Пры гэтым у выпадку стаянкі транспартнага сродку для ўладальніка транспартнага сродку наяўнасць права на кіраванне транспартным сродкам адпаведнай катэгорыі неабавязковая.

31.5

да прыбыцця супрацоўнікаў ДАІ прыняць усе магчымыя меры па захаванні слядоў і прадметаў, якія адносяцца да дарожна-транспартнага здарэння, іх абгароджвання і арганізацыі аб'езду месца дарожна-транспартнага здарэння.

32

Удзельніку дарожнага руху, які з'яўляецца ўдзельнікам дарожна-транспартнага здарэння, забараняецца:

32.1

пакідаць месца дарожна-транспартнага здарэння, перамяшчаць транспартны сродак і прадметы, якія маюць дачыненне да дарожна-транспартнага здарэння, акрамя выпадкаў, названых у падпункце 31.3 і частцы другой падпункта 31.4 пункта 31 дадзеных Правіл;

32.2

спажываць алкагольныя, слабаалкагольныя напоі, піва, наркатычныя сродкi, псiхатропныя, таксічныя або іншыя адурманьваючыя рэчывы да праходжання ў вызначаным парадку праверкі (агляду) на прадмет вызначэння стану алкагольнага ап'янення або стану, выкліканага спажываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў;

32.3

адкрываць тахограф без дазволу супрацоўніка ДАІ.

33

Удзельнікі дарожна-транспартнага здарэння, не названыя ў пункце 31 дадзеных Правіл, і яго відавочцы абавязаны:

33.1

аказаць магчымую дапамогу пацярпеламу (пацярпелым);

33.2

запісаць прозвішчы і адрасы іншых відавочцаў дарожна-транспартнага здарэння, а таксама рэгістрацыйныя знакі (часовыя нумарныя знакі) транспартных сродкаў, якія знаходзіліся пры здзяйсненні дарожна-транспартнага здарэння;

33.3

паведаміць у міліцыю аб дарожна-транспартным здарэнні;

33.4

знаходзіцца па магчымасці на месцы дарожна-транспартнага здарэння па-за праезнай часткай дарогі да прыбыцця супрацоўнікаў ДАІ, пасля чаго паведаміць ім інфармацыю аб дарожна-транспартным здарэнні, відавочцамі якога яны сталі.

34

У выпадку выяўлення або стварэння на дарозе перашкоды, якая стварае небяспеку для руху, удзельнікі дарожнага руху абавязаны:

34.1

прыняць меры па яе ліквідацыі;

34.2

пры немагчымасці ліквідацыі перашкоды пазначыць яе ў адпаведнасці з дадзенымі Правіламі ці іншым спосабам, які забяспечвае бяспеку дарожнага руху, пасля чаго паведаміць аб перашкодзе ў міліцыю або дарожна-эксплуатацыйную ці камунальную службу.

7 Сігналы рэгуліроўшчыка і святлафораў #

35

Патрабаванне рэгуліроўшчыка аб спыненні транспартнага сродку выражаецца шляхам падачы сігналу жазлом ці жэстам рукі, а таксама з дапамогай гукаўзмацняльніка. Для дадатковага прыцягнення ўвагі ўдзельнікаў дарожнага руху рэгуліроўшчык можа падаваць сігнал свістком. Кіроўца павінен спыніцца ў паказаным яму рэгуліроўшчыкам месцы. Сігналы рэгуліроўшчыка абавязковыя для выканання ўдзельнікамі дарожнага руху, нават калі яны не адпавядаюць патрабаванням сігналаў святлафораў і іншых тэхнічных сродкаў арганізацыі дарожнага руху.

36

Сігналы рэгуліроўшчыка маюць наступныя значэнні:

36.1

рукі выцягнутыя ў бакі ці апушчаныя:

36.1.1

з боку левага і правага бока дазволена: трамваю — рух прама, іншым транспартным сродкам — рух прама і направа, пешаходам — пераходзіць праезную частку дарогі;

36.1.2

з боку грудзей і спіны: рух усіх транспартных сродкаў і пешаходаў забаронены;

36.2

правая рука выцягнутая наперад:

36.2.1

з боку левага боку дазволена: трамваю — рух налева, іншым транспартным сродкам — рух ва ўсіх кірунках;

36.2.2

з боку грудзей: усім транспартным сродкам дазволены рух толькі направа;

36.2.3

з боку правага боку і спіны: рух усіх транспартных сродкаў забаронены, пешаходам дазволена пераходзіць праезную частку дарогі за спінай рэгуліроўшчыка;

36.3

рука паднятая ўверх: рух усіх транспартных сродкаў і пешаходаў забаронены ва ўсіх кірунках, акрамя выпадкаў, прадугледжаных падпунктамі 50.1 і 50.2 пункта 50 дадзеных Правіл.

37

Рэгуліроўшчык можа падаваць зразумелыя ўдзельнікам дарожнага руху сігналы, не названыя ў пункце 36 дадзеных Правіл.

38

Святлафоры адносяцца да тэхнічных сродкаў арганізацыі дарожнага руху і прымяняюцца для рэгулявання чарговасці пропуску транспартных сродкаў і пешаходаў, а таксама для пазначэння небяспечных участкаў дарог. Святлафоры падзяляюцца на транспартныя і пешаходныя. Са святлафорамі можа прымяняцца дадатковае абсталяванне: экраны, інфармацыйныя секцыі, інфармацыйныя і пазначальныя таблічкі, лічбавыя табло, кнопкі ўключэння дазваляльнага сігналу для пешаходаў (табло выклікальныя пешаходныя). У святлафорах прымяняюцца светлавыя сігналы зялёнага, жоўтага, чырвонага і бела-месяцовага колераў. У залежнасці ад прызначэння сігналы святлафораў могуць быць круглымі, у выглядзе стрэлкі (стрэлак), сілуэта пешахода, веласіпеда, трамвая і Х-падобныя. Святлафоры з круглымі сігналамі могуць мець адну ці дзве дадатковыя секцыі з сігналамі ў выглядзе зялёнай стрэлкі (стрэлак), якія размяшчаюцца на ўзроўні зялёнага круглага сігналу. Святлафоры з Х-падобным чырвоным сігналам, жоўтым сігналам у выглядзе стрэлкі (пры яго наяўнасці), скіраванай направа, і зялёным сігналам у выглядзе стрэлкі, скіраванай уніз, называюцца рэверсіўнымі і прызначаны для рэгулявання руху транспартных сродкаў па палосах праезнай часткі дарогі, па якіх напрамак руху можа змяняцца на процілеглы.

39

Круглыя сігналы святлафора маюць наступныя значэнні:

39.1

зялёны сігнал дазваляе рух;

39.2

зялёны перарывісты сігнал дазваляе рух і інфармуе, што час яго дзеяння заканчваецца і неўзабаве будзе ўключаны забараняльны сігнал;

39.3

жоўты сігнал папярэджвае аб маючай адбыцца змене сігналаў і забараняе рух, акрамя выпадкаў, названых у падпунктах 50.1, 50.2 пункта 50 і пункце 106 дадзеных Правіл;

39.4

жоўты перарывісты сігнал дазваляе рух і інфармуе аб наяўнасці нерэгулюемага скрыжавання ці пешаходнага пераходу, папярэджвае аб магчымай небяспецы для руху;

39.5

чырвоны сігнал, у тым ліку перарывісты (два міганні чырвонага сігналу), забараняе рух;

39.6

спалучэнне чырвонага і жоўтага сігналаў забараняе рух і інфармуе аб маючым адбыцца ўключэнні зялёнага сігналу.

40

Сігналы святлафора, выкананыя ў выглядзе стрэлак чырвонага, жоўтага і зялёнага колераў, маюць тое ж значэнне, што і круглыя сігналы адпаведнага колеру. Рух ажыццяўляецца пры ўключэнні дазваляльнага сігналу святлафора толькі ў напрамках, паказаных стрэлкамі. Замест чырвоных, жоўтых і зялёных стрэлак у тым жа значэнні могуць выкарыстоўвацца круглыя чырвоныя, жоўтыя і зялёныя сігналы з нанесенымі на іх чорнымі контурнымі стрэлкамі. Пры гэтым стрэлка, якая дазваляе паварот налева, дазваляе і разварот, калі гэта не забаронена адпаведным дарожным знакам. Такое ж значэнне мае зялёная стрэлка ў дадатковай секцыі. Выключаны сігнал дадатковай секцыі азначае забарону руху ў напрамку, які рэгулюецца гэтай секцыяй.

41

Калі на асноўны зялёны сігнал святлафора нанесена чорная контурная стрэлка (стрэлкі), то яна інфармуе кіроўцаў аб наяўнасці дадатковай секцыі святлафора і паказвае іншыя, чым сігнал дадатковай секцыі, дазволеныя напрамкі руху.

42

Калі сігнал святлафора выкананы ў выглядзе зялёнага або чырвонага сілуэта пешахода, то яго дзеянне распаўсюджваецца толькі на пешаходаў. Зялёны сігнал дазваляе, а чырвоны забараняе рух пешаходаў. Пры гэтым:

42.1

перарывісты зялёны сігнал пешаходнага святлафора забараняе выхад пешаходаў на праезную частку дарогі з тратуара або астраўка бяспекі, але дазваляе пешаходам, якія знаходзяцца на праезнай частцы, працягнуць рух у тым жа напрамку да астраўка бяспекі (пры яго наяўнасці) або завяршыць пераход праезнай часткі дарогі (пры адсутнасці астраўка бяспекі);

42.2

калі чырвоны сігнал пешаходнага святлафора заспеў пешахода на праезнай частцы дарогі, на якой адсутнічае астравок бяспекі, то пешаход павінен завяршыць пераход праезнай часткі дарогі;

42.3

калі чырвоны сігнал пешаходнага святлафора заспеў пешахода на праезнай частцы дарогі да астраўка бяспекі, то пешаход павінен працягнуць рух у тым жа кірунку да астраўка бяспекі і спыніцца на ім;

42.4

калі чырвоны сігнал пешаходнага святлафора заспеў пешахода на астраўку бяспекі, то пешаход павінен заставацца на ім да ўключэння дазваляльнага сігналу святлафора;

42.5

калі чырвоны сігнал пешаходнага святлафора заспеў пешахода на праезнай частцы дарогі пасля астраўка бяспекі, то пешаход павінен завяршыць пераход праезнай часткі дарогі;

42.6

для інфармавання пешаходаў аб тым, што ў перыяд дазволенага для іх руху па пешаходным пераходзе праз пераход могуць рухацца транспартныя сродкі, якія выконваюць на скрыжаванні правы і (або) левы паварот, дазваляльны сігнал пешаходнага святлафора можа быць дапоўнены па перыметры кальцом жоўтага колеру;

42.7

для дадатковага інфармавання пешаходаў аб магчымасці перасячэння праезнай часткі дарогі светлавыя сігналы святлафораў могуць быць дапоўнены гукавым сігналам;

42.8

для інфармавання пешаходаў пра час чакання дазваляльнага сігналу і (або) пра час, які застаўся для бяспечнага завяршэння пераходу праезнай часткі дарогі, сумесна з пешаходнымі святлафорамі могуць прымяняцца лічбавыя табло;

42.9

пры адсутнасці на пешаходным пераходзе пешаходнага святлафора пешаходы павінны кіравацца сігналамі транспартнага святлафора.

43

Калі на сігналы святлафора нанесены сілуэты веласіпеда або пад транспартным святлафорам устаноўлена пазначальная таблічка белага колеру з чорным сілуэтам веласіпеда, дзеянне сігналаў такога святлафора распаўсюджваецца толькі на веласіпедыстаў. Значэнні сігналаў святлафора для іх аналагічныя значэнню круглых сігналаў, названых у пункце 39 дадзеных Правіл. Калі пад пешаходным святлафорам устаноўлена пазначальная таблічка белага колеру з чорным сілуэтам веласіпеда, дзеянне сігналаў такога святлафора распаўсюджваецца і на веласіпедыстаў. Пры перасячэнні праезнай часткі па рэгулюемым пешаходным пераходзе і адсутнасці святлафора, што рэгулюе рух веласіпедыстаў, кіроўцы веласіпедаў павінны прытрымлівацца сігналаў пешаходнага святлафора, а пры яго адсутнасці - сігналамі транспартнага святлафора.

44

Чырвоны сігнал рэверсіўнага святлафора забараняе, а зялёны дазваляе рух. Пры выключаных сігналах рэверсіўнага святлафора, які размешчаны над паласой руху, пазначанай з абодвух бакоў гарызантальнай дарожнай разметкай 1.9, уезд на гэтую паласу забаронены. Асноўныя сігналы рэверсіўнага святлафора могуць быць дапоўнены жоўтым сігналам у выглядзе стрэлкі, нахіленай па дыяганалі ўніз направа, уключэнне якой інфармуе аб маючай адбыцца змене сігналу і неабходнасці перастроіцца на паласу руху справа.

45

Для рэгулявання руху трамваяў, а таксама іншых маршрутных транспартных сродкаў, якія рухаюцца па вылучанай для іх паласе руху, могуць прымяняцца святлафоры: — аднакаляровай сігналізацыі з чатырма круглымі сігналамі бела-месяцовага колеру, размешчанымі ў выглядзе літары «Т», пры гэтым рух дазваляецца толькі пры ўключэнні адначасова ніжняга сігналу і аднаго або некалькіх верхніх, з якіх левы азначае рух налева (на разварот для маршрутных транспартных сродкаў, акрамя трамвая), сярэдні — прама, правы — направа. Калі ўключаны толькі тры верхнія сігналы, рух забаронены; — двухколернай сігналізацыі з вертыкальным або гарызантальным размяшчэннем сігналаў, адзін з якіх выкананы ў выглядзе чырвонага сілуэта трамвая на чорным фоне, а другі — у выглядзе стрэлкі бела-месяцовага колеру на чорным фоне (толькі для рэгулявання руху трамваяў). Бела-месяцовы сігнал такога святлафора дазваляе рух трамваяў у кірунку, які паказвае стрэлка, чырвоны сігнал забараняе рух трамваяў у гэтым кірунку. Святлафоры могуць быць дапоўнены таблічкай белага колеру з чорным сілуэтам трамвая. Кіроўцы трамваяў і іншых маршрутных транспартных сродкаў, якія рухаюцца па вылучанай для іх паласе руху, павінны кіравацца сігналамі святлафораў, названымі ў частцы першай гэтага пункта, у выпадках прымянення гэтых святлафораў сумесна з іншымі транспартнымі святлафорамі.

46

Для рэгулявання руху на чыгуначных пераездах прымяняюцца святлафоры з двума чырвонымі сігналамі або адным бела-месяцовым і двума чырвонымі сігналамі, якія маюць наступныя значэнні:

46.1

перарывістыя чырвоныя сігналы забараняюць рух транспартных сродкаў праз чыгуначны пераезд. Адначасова з гэтымі сігналамі павінен быць уключаны гукавы сігнал, які дадаткова інфармуе ўдзельнікаў дарожнага руху аб забароне руху праз чыгуначны пераезд;

46.2

перарывісты бела-месяцовы сігнал інфармуе аб спраўнасці сігналізацыі і не забараняе рух транспартных сродкаў;

46.3

выключаныя чырвоны і бела-месяцовы сігналы значаць, што сігналізацыя не працуе цi няспраўная. У гэтым выпадку дазваляецца рух транспартных сродкаў пасля таго, як кіроўца пераканаецца ў адсутнасці чыгуначнага транспартнага сродку.

47

Для пазначэння нерэгулюемых скрыжаванняў і пешаходных пераходаў могуць прымяняцца святлафоры з адным або двума перарывістымі жоўтымі сігналамі.

48

На скрыжаванні пры забараняльным сігнале рэгуліроўшчыка або святлафора кіроўцы павінны спыніцца перад дарожным знакам «Стоп-лінія» (лініяй гарызантальнай дарожнай разметкі 1.12), а пры яе адсутнасці:

48.1

перад святлафорам, кіруючыся пунктам 106 дадзеных Правіл;

48.2

перад пешаходным пераходам — пры адсутнасці святлафора;

48.3

перад бліжэйшым да кіроўцы краем тратуара — пры адсутнасці святлафора і пешаходнага пераходу;

48.4

перад краем перасякаемай праезнай часткі дарогі — пры адсутнасці святлафора, пешаходнага пераходу і тратуара.

49

Па-за скрыжаваннем пры забараняльным сігнале рэгуліроўшчыка або святлафора (акрамя рэверсіўнага) кіроўцы павінны спыніцца перад дарожным знакам «Стоп-лінія» (лініяй гарызантальнай дарожнай разметкі 1.12), а пры яго адсутнасці:

49.1

на рэгулюемым пешаходным пераходзе — перад святлафорам, а пры яго адсутнасці — перад пешаходным пераходам;

49.2

перад чыгуначным пераездам — у адпаведнасці з пунктам 129 дадзеных Правіл;

49.3

у іншых месцах — перад рэгуліроўшчыкам або святлафорам, не ствараючы перашкоды і небяспекі для дарожнага руху.

50

Пры ўзняцці рэгуліроўшчыкам рукі ўверх або ўключэнні жоўтага сігналу святлафора:

50.1

кіроўцам, якія не могуць спыніцца, не звяртаючыся да экстранага тармажэння, у месцах, вызначаных пунктамі 48 і 49 дадзеных Правіл, дазваляецца далейшы рух;

50.2

пешаходам, якія знаходзяцца на праезнай частцы дарогі, дазваляецца працягнуць рух у тым жа кірунку да астраўка бяспекі (пры яго наяўнасці) або завяршыць пераход праезнай часткі дарогі (пры адсутнасці астраўка бяспекі);

50.3

пешаходам забараняецца:

50.3.1

выходзіць на праезную частку дарогі;

50.3.2

пакідаць астравок бяспекі.

8 Прымяненне аварыйнай светлавой сігналізацыі, знака аварыйнага прыпынку, ліхтара з перарывістым чырвоным святлом #

51

Аварыйная светлавая сігналізацыя павінна быць уключана ў выпадках:

51.1

дарожна-транспартнага здарэння;

51.2

вымушанага спынення транспартнага сродку на праезнай частцы дарогі і ў месцах, дзе прыпынак забаронены;

51.3

асляплення кіроўцы святлом фар;

51.4

буксіроўкі механічнага транспартнага сродку (калі не вызначана іншае, далей — буксіроўка) — на механічным транспартным сродку, які буксіруецца;

51.5

прыпынку, стаянкі транспартнага сродку ў цёмны час сутак на неасветленых участках дарогі (акрамя жылых зон) і (або) пры недастатковай бачнасці дарогі пры няспраўных габарытных і стаяначных агнях;

51.6

руху на транспартным сродку з тэхнічнай няспраўнасцю, названай у дадатку 4 да дадзеных Правіл, калі рух не забаронены дадзенымі Правіламі;

51.7

папярэджання ўдзельнікаў дарожнага руху аб небяспецы для руху;

51.8

пасадкі (высадкі) груп дзяцей у аўтобусы, якія перавозяць іх, — на аўтобусах;

51.9

набліжэння трамвая да зоны пункта прыпынку трамвая, пазначанай дарожнымі знакамі «Пункт прыпынку трамвая», «Месца прыпынку трамвая» і (або) гарызантальнай дарожнай разметкай 1.17.2, і ў час знаходжання яго ў гэтай зоне — на трамваях. На трамваях, не абсталяваных аварыйнай светлавой сігналізацыяй, павінен быць уключаны светлавы паказальнік правага павароту.

52

Аварыйную светлавую сігналізацыю рэкамендуецца ўключаць у выпадку руху транспартнага сродку заднім ходам.

53

Пасля ўключэння аварыйнай светлавой сігналізацыі, а таксама пры яе адсутнасці або няспраўнасці павінен быць неадкладна выстаўлены знак аварыйнага прыпынку (у цёмны час сутак у дадатак да знака аварыйнага прыпынку можа быць выстаўлены ліхтар з перарывістым чырвоным святлом):

53.1

пры дарожна-транспартным здарэнні;

53.2

пры вымушаным прыпынку транспартнага сродку на праезнай частцы дарогі і ў месцах, дзе прыпынак забаронены, за выключэннем спынення руху транспартнага сродку ў сувязі з вялікай колькасцю іншых транспартных сродкаў, што спыніліся на праезнай частцы дарогі (далей — затор);

53.3

у выпадку прыпынку, стаянкі транспартнага сродку ў цёмны час сутак на неасветленых участках дарогі (акрамя жылых зон) і (або) пры недастатковай бачнасці дарогі пры няспраўных габарытных і стаяначных агнях.

54

Знак аварыйнага прыпынку і ліхтар з перарывістым чырвоным святлом усталёўваюцца на адлегласці, якая забяспечвае ў канкрэтных дарожна-транспартных абставінах своечасовае папярэджанне іншых кіроўцаў аб небяспецы, але не менш за 15 метраў ад транспартнага сродку ў населеных пунктах і не менш за 40 метраў — па-за населенымі пунктамі.

55

Пры адсутнасці або няспраўнасці аварыйнай светлавой сігналізацыі на механічным транспартным сродку, які буксіруецца, або транспартным сродку, які рухаецца з тэхнічнай няспраўнасцю, на яго задняй частцы злева павінен быць замацаваны знак аварыйнага прыпынку.

9 Манеўраванне #

56

Перад пачаткам руху, перастраеннем, паваротам налева ці направа, разваротам і прыпынкам кіроўца абавязаны падаваць сігнал светлавымі паказальнікамі павароту адпаведнага кірунку, а калі яны адсутнічаюць або няспраўныя або ўключана аварыйная светлавая сігналізацыя, — рукой, упэўніўшыся, што яго дзеянні будуць бяспечнымі і не створаць перашкоды для дарожнага руху. Пры гэтым:

56.1

сігналу левага светлавога паказальніка павароту адпавядае левая рука, выцягнутая ў бок, ці правая рука, выцягнутая ў бок і сагнутая ў локці пад прамым вуглом уверх;

56.2

сігналу правага светлавога паказальніка павароту адпавядае правая рука, выцягнутая ў бок, ці левая рука, выцягнутая ў бок і сагнутая ў локці пад прамым вуглом уверх;

56.3

сігнал тармажэння падаецца паднятай уверх левай ці правай рукой. Такі сігнал выкарыстоўваецца таксама ў выпадку тармажэння без намеру ажыццявіць манеўр.

57

Падача сігналу светлавымі паказальнікамі павароту або рукой павінна ажыццяўляцца да пачатку манеўравання (за выключэннем выпадкаў руху заднім ходам) такім чынам, каб іншыя ўдзельнікі дарожнага руху мелі магчымасць бяспечнага працягу руху, і спыняцца неадкладна пасля завяршэння манеўравання (падача сігналу рукой можа быць скончана непасрэдна перад манеўраваннем). Пры гэтым:

57.1

падача сігналу не дае кіроўцу перавагі;

57.2

сігнал не павінен падавацца, калі ён можа ўвесці ў зман іншых удзельнікаў дарожнага руху.

58

Пасля прыпынку або стаянкі кіроўца транспартнага сродку, які пачынае рух, абавязаны саступіць дарогу транспартным сродкам, якія рухаюцца, акрамя выпадку, прадугледжанага пунктам 125 дадзеных Правіл. Пры з'ездзе з праезнай часткі дарогі кіроўца абавязаны саступіць дарогу пешаходам, коннікам і веласіпедыстам, шлях руху якіх ён перасякае.

59

Пры перастраенні, выездзе на трамвайныя пуці, з'ездзе з іх кіроўца павінен саступіць дарогу транспартным сродкам, якія рухаюцца ў спадарожным напрамку без змены іх напрамку руху. Пры адначасовым перастраенні транспартных сродкаў, якія рухаюцца ў спадарожным напрамку, кіроўца павінен саступіць дарогу транспартнаму сродку, які знаходзіцца справа. Такога правіла павінен прытрымлівацца кіроўца, чый транспартны сродак з'язджае з трамвайных пуцей.

60

Перастраенне транспартных сродкаў на скрыжаванні забараняецца, акрамя скрыжавання, на якім арганізаваны кругавы рух.

61

Перастройвацца на суседнюю паласу руху на дарозе з двума і больш палосамі руху ў адным кірунку, пазначанымі гарызантальнай дарожнай разметкай, калі гэтыя палосы раўнамерна занятыя транспартнымі сродкамі, якія рухаюцца, дазваляецца толькі для павароту налева ці направа, развароту, прыпынку або аб'езду перашкоды.

62

Калі на дарозе, якая мае дзве і больш паласы руху ў адным напрамку, з-за перашкоды на адной з іх утварыўся затор, кіроўца кожнага транспартнага сродку, які рухаецца па суседняй паласе руху, павінен даць магчымасць перастроіцца на яго паласу аднаму з транспартных сродкаў, якія стаяць у заторы.

63

Перад разваротам, паваротам налева ці направа кіроўца абавязаны, не ствараючы перашкоды і небяспекі для руху іншых удзельнікаў дарожнага руху, заняць адпаведнае крайняе становішча на праезнай частцы дарогі, прызначанай для руху ў дадзеным кірунку, акрамя выпадкаў, калі паварот пры ўездзе на скрыжаванне і выездзе з яго здзяйсняецца ў тых месцах, дзе арганізаваны кругавы рух, а таксама ў месцах, дзе кірунак руху па праезнай частцы дарогі (скрыжаванні) вызначаны дарожнымі знакамі і (або) гарызантальнай дарожнай разметкай.

64

Пры наяўнасці трамвайных пуцей спадарожнага напрамку, размешчаных злева на адным узроўні з праезнай часткай дарогі:

64.1

паварот налева або разварот павінен выконвацца з гэтых пуцей, калі дарожнымі знакамі «Напрамкі руху па палосах», «Напрамак руху па паласе» не вызначаны iншы парадак руху;

64.2

калі выезд на трамвайныя пуці створыць перашкоду для руху трамвая, кіроўца павінен застацца на паласе руху, не выязджаючы на трамвайныя пуці, у чаканні праезду спадарожнага трамвая і сустрэчных транспартных сродкаў;

64.3

у выпадку стварэння перашкоды для руху трамвая трамвайны пуць па магчымасці павінен быць вызвалены. Кіроўцы транспартных сродкаў, якія рухаюцца побач у спадарожным напрамку, павінны даць магчымасць для гэтага.

65

Паварот налева або направа павінен ажыццяўляцца такім чынам, каб пры выездзе з перасячэння праезных частак дарог транспартны сродак не апынуўся на сустрэчнай паласе руху:

65.1

пры павароце налева транспартны сродак павінен рухацца як мага бліжэй да цэнтра скрыжавання, калі дарожнымі знакамі (гарызантальнай дарожнай разметкай) не вызначаны iншы парадак руху, пры гэтым сустрэчны транспартны сродак, які паварочвае налева, павінен знаходзіцца справа;

65.2

пры павароце направа транспартны сродак павінен рухацца бліжэй да правага краю праезнай часткі дарогі, калі дарожнымі знакамі (гарызантальнай дарожнай разметкай) не вызначаны iншы парадак руху.

66

Калі транспартны сродак з-за сваіх габарытаў або па іншых прычынах не можа выканаць разварот, паварот налева або направа з выкананнем патрабаванняў пунктаў 63, 65 і 77 дадзеных Правіл, дапускаецца ажыццяўляць яго з адступленнем ад гэтых патрабаванняў, калі гэта не створыць перашкоды для руху іншых удзельнікаў дарожнага руху.

67

Перад паваротам налева ці разваротам па-за скрыжаваннем кіроўца транспартнага сродку абавязаны саступіць дарогу сустрэчным транспартным сродкам і спадарожнаму трамваю.

68

Калі для развароту па-за скрыжаваннем шырыня праезнай часткі дарогі недастатковая для яго выканання з крайняга левага становішча, разварот дапускаецца ажыццяўляць ад правага краю праезнай часткі дарогі або з правай па ходзе руху ўзбочыны. Пры гэтым кіроўца павінен саступіць дарогу спадарожным і сустрэчным транспартным сродкам.

69

У выпадках, калі траекторыі руху транспартных сродкаў перасякаюцца, а чарговасць праезду не вызначана дадзенымі Правіламі, дарогу абавязаны саступіць кіроўца, да якога транспартны сродак набліжаецца справа.

70

Пры наяўнасці паласы тармажэння кіроўца, які мае намер павярнуць, павінен своечасова перастроіцца на гэтую паласу і зніжаць хуткасць руху толькі на ёй.

71

Пры наяўнасці ў месцы ўезду на дарогу паласы разгону кіроўца павінен рухацца па ёй і перастройвацца на суседнюю паласу руху, саступаючы дарогу транспартным сродкам, якія рухаюцца па гэтай дарозе.

72

Разварот забараняецца:

72.1

на пешаходных пераходах і бліжэй за 15 метраў ад іх з абодвух бакоў, акрамя выпадку дазволенага развароту на скрыжаванні;

72.2

у месцах, дзе бачнасць дарогі хоць бы ў адным кірунку руху менш за 100 метраў;

72.3

на пунктах прыпынку маршрутных транспартных сродкаў;

72.4

на мастах, пуцеправодах, эстакадах і пад імі;

72.5

на чыгуначных пераездах.

73

Рух транспартнага сродку заднім ходам дазваляецца пры ўмове, калі гэтыя дзеянні не створаць перашкоды для іншых удзельнікаў дарожнага руху і будзе забяспечана бяспека дарожнага руху. Пры неабходнасці кіроўца павінен звярнуцца да дапамогі іншых асоб, якія б сігналізавалі аб сітуацыі, якая складваецца ззаду транспартнага сродку.

74

Рух заднім ходам забараняецца на скрыжаваннях (акрамя скрыжаванняў, размешчаных у жылых зонах) і ў месцах, дзе забаронены разварот згодна з пунктам 72 дадзеных Правіл.

10 Размяшчэнне транспартных сродкаў на праезнай частцы дарогі #

75

Колькасць палос руху для транспартных сродкаў (за выключэннем трамваяў і аднакалейных транспартных сродкаў) вызначаецца дарожнымі знакамі «Напрамкі руху па палосах», «Напрамак руху па паласе», «Напрамак руху па палосах» і (або) гарызантальнай дарожнай разметкай, а калі іх няма, то самімі кіроўцамі з улікам шырыні праезнай часткі дарогі, габарытаў транспартных сродкаў і неабходных бакавых інтэрвалаў паміж імі. Пры адсутнасці дарожных знакаў і гарызантальнай дарожнай разметкі палова шырыні праезнай часткі дарогі, размешчаная злева, лічыцца яе сустрэчным бокам. На дарозе з аднабаковым рухам палова шырыні праезнай часткі дарогі, размешчаная злева, лічыцца левым бокам праезнай часткі.

76

На дарозе з двухбаковым рухам пры наяўнасці ў кірунку руху двух і больш палос забараняецца выязджаць на сустрэчную паласу руху.

77

На дарозе з двухбаковым рухам, якая мае тры паласы руху, пазначаныя гарызантальнай дарожнай разметкай (за выключэннем гарызантальнай дарожнай разметкі 1.9), з якіх сярэдняя паласа руху выкарыстоўваецца для руху ў абодвух напрамках, перастройвацца на гэтую паласу дазваляецца толькі для абгону, аб'езду перашкоды, павароту налева або развароту, пры гэтым паварот налева або разварот павінен ажыццяўляцца з гэтай паласы. Перастройвацца на сустрэчную крайнюю левую паласу руху забараняецца.

78

Калі дарожнымі знакамі забаронены рух веласіпедыстаў, коннікаў і гужавых транспартных сродкаў, кіроўцы транспартных сродкаў павінны весці іх па магчымасці бліжэй да правага краю праезнай часткі дарогі (лініі гарызантальнай дарожнай разметкі 1.2, якая абазначае край праезнай часткі дарогі). Калі такая забарона адсутнічае, то кіроўцы павінны весці транспартны сродак па магчымасці бліжэй да левага краю ў межах правай крайняй паласы руху.

79

Пры руху перастройвацца на іншую паласу руху можна толькі перад абгонам, апярэджаннем, аб'ездам перашкоды, паваротам налева ці направа, разваротам або спыненнем. Пры гэтым:

79.1

па-за населенымі пунктамі забараняецца займаць левыя палосы руху пры свабодных правых;

79,2

пры трох і больш палосах руху ў дадзеным кірунку займаць крайнюю левую паласу руху дазваляецца толькі тады, калі занятыя іншыя палосы руху, або для апярэджання, аб'езду перашкоды, павароту налева ці развароту, а таксама для прыпынку, стаянкі на левым баку дарогі з аднабаковым рухам у выпадку, названым у падпункце 138.3 пункта 138 дадзеных Правіл;

79.3

пры трох і больш палосах руху ў дадзеным кірунку забараняецца ажыццяўляць перастраенне на крайнюю правую паласу руху з мэтай апярэджання па ёй;

79.4

грузавыя аўтамабілі з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай больш за 3,5 тоны, колавыя трактары і самаходныя машыны могуць перастройвацца ў іншыя палосы руху лявей за другую паласу толькі для аб'езду перашкоды, павароту налева ці развароту, а таксама для прыпынку, стаянкі на левым баку дарогі з аднабаковым рухам у выпадку, названым у падпункце 138.3 пункта 138 дадзеных Правіл;

79.5

у населеных пунктах маршрутныя транспартныя сродкі, якія ажыццяўляюць рэгулярныя гарадскія перавозкі, павінны рухацца па вылучанай для іх паласе руху, а пры яе адсутнасці — па крайняй правай паласе руху. Перастройвацца на іншыя палосы руху можна толькі для аб'езду перашкоды, павароту налева ці развароту. Маршрутным транспартным сродкам, што ажыццяўляюць рэгулярныя гарадскія перавозкі, дазваляецца апярэджанне транспартных сродкаў, якія рухаюцца па крайняй правай паласе руху з хуткасцю менш за 40 км/г, па другой справа паласе руху;

79.6

у выпадку ўзнікнення затору, які перашкаджае руху транспартных сродкаў аператыўнага прызначэння, кіроўцы павінны забяспечыць «калідор бяспекі», па якім дазваляецца праезд толькі названых транспартных сродкаў. Для гэтага транспартныя сродкі, якія знаходзяцца ў крайняй левай паласе руху, павінны заняць у гэтай паласе крайняе правае становішча.

80

Транспартныя сродкі, хуткасць руху якіх не павінна перавышаць 40 км/г або якія па тэхнічных прычынах не могуць развіваць больш высокую хуткасць руху ў параўнанні з названай, павінны рухацца па крайняй правай паласе руху, акрамя выпадкаў абгону, апярэджання, аб'езду перашкоды або перастраення перад паваротам або разваротам.

81

Рух па трамвайных пуцях спадарожнага напрамку, якія размешчаны злева на адным узроўні з праезнай часткай дарогі, дазваляецца толькі для апярэджання (па-за пазначанымі і рэгулюемымі скрыжаваннямі), аб'езду перашкоды пры ўмове, што ўсе палосы руху ў дадзеным кірунку занятыя, а таксама для павароту налева ці развароту ў адпаведнасці з пунктам 64 дадзеных Правіл. Пры гэтым забараняецца выязджаць на трамвайныя пуці сустрэчнага напрамку і ажыццяўляць рух па іх, а таксама рух па трамвайных пуцях спадарожнага напрамку пры наяўнасці канструктыўна выдзеленай над праезнай часткай дарогі пасадачнай пляцоўкі, з якой ажыццяўляецца пасадка (высадка) пасажыраў у трамвай.

82

На дарозе, праезная частка якой падзелена на палосы руху лініямі гарызантальнай дарожнай разметкі, рух транспартных сродкаў павінен ажыццяўляцца строга па гэтых палосах. Наязджаць на перарывістыя лініі гарызантальнай дарожнай разметкі дазваляецца толькі пры манеўраванні.

83

Пры павароце на дарогу з рэверсіўным рухам кіроўца павінен кіраваць транспартным сродкам такім чынам, каб пры выездзе з перасячэння праезных частак дарог транспартны сродак заняў крайнюю правую паласу руху. Перастраенне можна ажыццяўляць толькі пасля таго, як кіроўца пераканаецца, што рух у дадзеным напрамку дазваляецца і па іншых палосах руху.

84

Забараняецца рух транспартных сродкаў па ўзбочынах, тратуарах, веласіпедных, пешаходных дарожках і дарожках для коннікаў, за выключэннем выпадкаў, названых у частцы другой пункта 26, пунктах 68, 138, 148, 152 і падпункце 160.2 пункта 160 дадзеных Правіл. Дапускаецца рух па названых элементах дарогі транспартных сродкаў дарожна-эксплуатацыйнай і камунальнай службаў, аўтамабіляў з нахіленай белай паласой на бартах, а таксама іншых транспартных сродкаў, якія абслугоўваюць гандлёвыя і іншыя арганізацыі, размешчаныя непасрэдна каля ўзбочын, тратуараў, веласіпедных, пешаходных дарожак, дарожак для коннікаў або пешаходных зон, пры адсутнасці іншых магчымасцей пад'езду. Пры гэтым павінна быць забяспечана бяспека дарожнага руху.

85

Кіроўца абавязаны прытрымлівацца такой дыстанцыі да транспартнага сродку, які рухаецца наперадзе, якая дазволіла б пазбегнуць сутыкнення ў выпадку яго экстранага тармажэння або спынення, і неабходны бакавы інтэрвал, які забяспечвае бяспеку дарожнага руху, з транспартнымі сродкамі, якія стаяць або рухаюцца па суседніх палосах руху.

86

На дарозе па-за населеным пунктам кіроўца транспартнага сродку даўжынёй больш за 10 метраў або хуткасць руху якога не павінна перавышаць 40 км/г, або якое па тэхнічных прычынах не можа развіваць больш высокую хуткасць руху ў параўнанні з названай, абавязаны падтрымліваць паміж кіруемым ім транспартным сродкам і тым транспартным сродкам, які рухаецца наперадзе, дыстанцыю, якая дазваляе транспартным сродкам, што здзяйсняюць абгон, бесперашкодна перастройвацца на раней займаную паласу руху. Гэта правіла не дзейнічае ў выпадках, калі кіроўцы названых транспартных сродкаў здзяйсняюць абгон або рыхтуюцца да яго, а таксама пры руху ў калоне з трох і больш транспартных сродкаў, пазначаных апазнавальнымі знакамі «Калона», і ў арганізаванай транспартнай калоне.

11 Хуткасць руху транспартных сродкаў #

87

Пры выбары хуткасці руху кіроўца павінен улічваць абмежаванні хуткасці, вызначаныя пунктамі 88, 89 дадзеных Правіл і тэхнічнымі сродкамі арганізацыі дарожнага руху, а таксама інтэнсіўнасць руху, агляднасць дарогі, асаблівасці і стан транспартнага сродку і грузу, які ім перавозіцца, дарожныя, метэаралагічныя ўмовы і іншыя фактары, якія зніжаюць празрыстасць атмасферы і ўплываюць на бачнасць дарогі ў кірунку руху. Пры гэтым:

87.1

у цёмны час сутак і (або) пры недастатковай бачнасці дарогі хуткасць руху павінна дазваляць кіроўцу спыніць транспартны сродак у межах бачнасці дарогі ў напрамку руху;

87.2

пры ўзнікненні перашкоды або небяспекі для руху, якія кіроўца ў стане выявіць, ён абавязаны неадкладна прыняць меры да зніжэння хуткасці руху, аж да спынення транспартнага сродку.

88

У населеных пунктах дазваляецца рух транспартных сродкаў з хуткасцю не больш за 60 км/г, а тым, якія буксіруюць механічныя транспартныя сродкі — не больш за 50 км/г, у жылых і пешаходных зонах, на прылеглых тэрыторыях — не больш за 20 км/г.

89

Па-за населенымі пунктамі дазваляецца рух з хуткасцю:

89.1

легкавым аўтамабілям і грузавым аўтамабілям з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай не больш за 3,5 тоны на аўтамагістралях — не больш за 110 км/г, на астатніх дарогах — не больш за 90 км/г;

89.2

аўтобусам і матацыклам — не больш за 90 км/г;

89.3

аўтобусам, легкавым і грузавым аўтамабілям пры іх руху з прычэпам, грузавым аўтамабілям з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай больш за 3,5 тоны на аўтамагістралях — не больш за 90 км/г, на астатніх дарогах — не больш за 70 км/г;

89.4

механічным транспартным сродкам, якімі кіруюць кіроўцы са стажам да двух гадоў, а таксама пры навучанні кіраванню механічным транспартным сродкам, калі транспартным сродкам кіруе асоба, якая навучаецца кіраванню, — не больш за 70 км/г;

89.5

грузавым аўтамабілям, якія перавозяць пасажыраў у кузаве, — не больш за 60 км/г;

89.6

транспартным сродкам, якія буксіруюць механічныя транспартныя сродкі, — не больш за 50 км/г;

89.7

транспартным сродкам, якія перавозяць небяспечныя грузы, цяжкавагавым і (або) буйнагабарытным транспартным сродкам — з хуткасцю, якая не перавышае хуткасць руху, вызначаную пры ўзгадненні ўмоў перавозкі.

90

З улікам дарожных умоў і забеспячэння бяспекі дарожнага руху дазволеная пунктамі 88 і 89 дадзеных Правіл хуткасць руху можа быць зменена (паніжана або павышана) прымяненнем дарожных знакаў «Абмежаванне максімальнай хуткасці». Дзеянне дарожных знакаў «Абмежаванне максімальнай хуткасці» не распаўсюджваецца на названыя ў пункце 88 дадзеных Правіл транспартныя сродкі, якія буксіруюць механічныя транспартныя сродкі, і на транспартныя сродкі, пералічаныя ў падпунктах 89.4–89.7 пункта 89 дадзеных Правіл, калі паказаная на гэтых знаках велічыня хуткасці перавышае абмежаванне максімальнай хуткасці, вызначанай у дадзеных палажэннях.

91

Кіроўцу забараняецца:

91.1

перавышаць максімальную хуткасць руху, вызначаную тэхнічнай характарыстыкай транспартнага сродку;

91.2

перавышаць хуткасць руху, вызначаную дарожным знакам «Абмежаванне максімальнай хуткасці», пунктамі 88 і 89 дадзеных Правіл;

91.3

перавышаць хуткасць руху, паказаную на апазнавальным знаку «Абмежаванне хуткасці», устаноўленым на транспартным сродку ў адпаведнасці з падпунктам 201.5 пункта 201 дадзеных Правіл;

91.4

ствараць перашкоду для дарожнага руху, рухаючыся без вымушанай неабходнасці з малой хуткасцю, а таксама рухацца з меншай хуткасцю, чым устаноўлена дарожным знакам «Абмежаванне мінімальнай хуткасці»;

91.5

рэзка тармазіць, калі гэта не патрабуецца для прадухілення дарожна-транспартнага здарэння.

12 Абгон, сустрэчны раз'езд #

92

Да пачатку абгону кіроўца павінен пераканацца ў тым, што паласа руху, на якую ён мае намер выехаць, свабодная і сваімі дзеяннямі ён не створыць пагрозу бяспецы дарожнага руху, не прымусіць удзельнікаў дарожнага руху змяніць кірунак і (або) знізіць хуткасць руху.

93

Кіроўцу забараняецца выконваць абгон:

93.1

калі кіроўца транспартнага сродку, які рухаецца наперадзе па той жа паласе руху, падаў сігнал левага павароту;

93.2

калі кіроўцы, якія рухаюцца ўслед за ім, пачалі абгон.

94

Аб'езд транспартнага сродку, кіроўца якога падаў сігнал павароту налева і распачаў выкананне манеўра, ажыццяўляецца з правага боку.

95

Кіроўца транспартнага сродку, які абганяюць, абавязаны з улікам дарожна-транспартных абставін рухацца бліжэй да правага краю праезнай часткі дарогі і не перашкаджаць абгону павелічэннем хуткасці руху або іншымі дзеяннямі.

96

Абгон забараняецца:

96.1

у зоне дзеяння дарожных знакаў «Абгон забаронены», «Абгон грузавым аўтамабілям забаронены», на паваротах дарогі, пазначаных дарожнымі знакамі «Небяспечны паварот», «Небяспечныя павароты», на пад’ёмах, пазначаных дарожным знакам «Круты пад'ём», а таксама пры наяўнасці дарожнай разметкі 1.1 (за выключэннем абгона адзіночнага транспартнага сродку, што рухаецца з хуткасцю менш за 30 км/г), у канцы пад'ёмаў і на іншых участках дарог з абмежаванай агляднасцю дарогі;

96.2

на пазначаных і (або) рэгулюемых скрыжаваннях;

96.3

на пешаходных пераходах і бліжэй 50 метраў ад іх у абодва бакі;

96.4

транспартнага сродку, які ажыццяўляе абгон або аб'езд перашкоды;

96.5

пры недастатковай бачнасці дарогі;

96.6

на мастах, пуцеправодах, эстакадах і пад імі;

96.7

на чыгуначных пераездах і бліжэй чым за 100 метраў перад імі.

97

Па-за населенымі пунктамі кіроўца ціхаходнага, цяжкавагавага і (або) буйнагабарытнага транспартнага сродку, а таксама транспартнага сродку, канструкцыя якога, груз, што перавозіцца, або тэхнічны стан ускладняюць яго абгон, павінен заняць становішча на дарозе як мага правей, а пры неабходнасці і спыніцца, каб прапусціць транспартныя сродкі, што сабраліся за ім.

98

Калі сустрэчны раз'езд транспартных сродкаў ускладнены, то кіроўца, на баку якога маецца перашкода для дарожнага руху, абавязаны саступіць дарогу.

99

На ўхілах, пазначаных дарожнымі знакамі «Круты спуск», «Круты пад’ём», пры наяўнасці перашкоды для дарожнага руху саступіць дарогу абавязаны кіроўца транспартнага сродку, які рухаецца на спуск.

13 Праезд скрыжаванняў #

100

Пры павароце налева ці направа кіроўца абавязаны саступіць дарогу пешаходам, якія пераходзяць (перасякаюць) праезную частку дарогі (па пешаходным пераходзе, а пры яго адсутнасці па лініі тратуараў або ўзбочын), на якую ён паварочвае, а таксама веласіпедыстам і коннікам, якія перасякаюць яе адпаведна па веласіпеднай дарожцы і дарожцы для коннікаў.

101

Забараняецца выязджаць на скрыжаванне, калі ўтварыўся затор, які вымусіць кіроўцу спыніцца.

102

Скрыжаванне, на якім чарговасць руху вызначаецца сігналамі рэгуліроўшчыка або святлафора, з'яўляецца рэгулюемым. Пры жоўтым перарывістым сігнале святлафора, непрацуючых святлафорах і адсутнасці рэгуліроўшчыка скрыжаванне з'яўляецца нерэгулюемым і кіроўцы абавязаны кіравацца правіламі праезду нерэгулюемых скрыжаванняў і дарожнымі знакамі прыярытэту. Святлафоры лічацца непрацуючымі, калі адсутнічаюць сігналы адначасова ва ўсіх святлафорах дадзенага кірунку або сігналы супярэчаць адзін аднаму.

103

Пры павароце налева ці развароце па зялёным сігнале святлафора кіроўца транспартнага сродку, за выключэннем трамвая, абавязаны саступіць дарогу сустрэчным транспартным сродкам, якія рухаюцца прама або направа, і спадарожнаму трамваю. Такім жа правілам павінны кіравацца паміж сабой кіроўцы трамваяў.

104

Пры руху ў кірунку стрэлкі, уключанай у дадатковай секцыі адначасова з жоўтым або чырвоным сігналам святлафора, кіроўца абавязаны саступіць дарогу транспартным сродкам, якія рухаюцца з іншых напрамкаў. Пры ўключанай стрэлцы дадатковай секцыі святлафора (адначасова з забараняльным сігналам) кіроўца, які знаходзіцца на крайняй паласе праезнай часткі дарогі, павінен працягваць рух у кірунку названай стрэлкі, калі яго спыненне створыць перашкоду для руху транспартных сродкаў, якія рухаюцца за ім па гэтай жа паласе, калi iншы парадак руху не вызначаны дарожнымі знакамі «Напрамкі руху па палосах», «Напрамак руху па паласе» ці адпаведнай гарызантальнай дарожнай разметкай.

105

Калі сігналы рэгуліроўшчыка або святлафора дазваляюць рух адначасова трамваю і іншым транспартным сродкам, то трамвай мае перавагу незалежна ад кірунку яго руху. Пры руху па сігнале стрэлкі, уключанай у дадатковай секцыі адначасова з чырвоным або жоўтым сігналам святлафора, кіроўца трамвая павінен саступіць дарогу транспартным сродкам, якія рухаюцца з іншых напрамкаў.

106

Кіроўца, які заехаў на скрыжаванне пры дазваляльным сігнале святлафора, павінен выехаць у абраным напрамку незалежна ад сігналу святлафора на выхадзе са скрыжавання, пры гэтым ён абавязаны саступіць дарогу сустрэчным транспартным сродкам, якія рухаюцца прама або направа. Калі на скрыжаванні перад святлафорамі, размешчанымі на шляху руху кіроўцы, маецца дарожны знак «Стоп-лінія» (лінія гарызантальнай дарожнай разметкі 1.12), кіроўца абавязаны кіравацца сігналамі кожнага святлафора.

107

Пры ўключэнні дазваляльнага сігналу святлафора кіроўца павінен саступіць дарогу транспартным сродкам, якія завяршаюць рух праз скрыжаванне, і пешаходам, якія не скончылі пераход праезнай часткі дарогі.

108

На скрыжаванні нераўназначных дарог кіроўца транспартнага сродку, які рухаецца па другараднай дарозе, павінен саступіць дарогу транспартным сродкам, якія набліжаюцца да яго па галоўнай дарозе, незалежна ад напрамку іх далейшага руху.

109

У выпадку, калі галоўная дарога на скрыжаванні змяняе кірунак, кіроўцы транспартных сродкаў, якія рухаюцца па галоўнай дарозе, павінны кіравацца паміж сабой правіламі праезду скрыжаванняў раўназначных дарог. Гэтымі ж правіламі кіруюцца кіроўцы транспартных сродкаў, якія рухаюцца па другараднай дарозе.

110

На скрыжаванні раўназначных дарог кіроўца транспартнага сродку, акрамя трамвая, абавязаны саступіць дарогу транспартным сродкам, якія набліжаюцца справа. Гэтым жа правілам павінны кіравацца паміж сабой кіроўцы трамваяў. На такіх скрыжаваннях кіроўца трамвая мае перавагу перад іншымі транспартнымі сродкамі (акрамя трамваяў) незалежна ад кірунку яго руху.

111

Пры павароце налева ці развароце кіроўца транспартнага сродку абавязаны саступіць дарогу сустрэчным транспартным сродкам, якія рухаюцца па раўназначнай дарозе прама або направа, і спадарожнаму трамваю. Гэтым жа правілам павінны кіравацца паміж сабой кіроўцы трамваяў. Пры адначасовым праве на рух кіроўцы трамваяў маюць перавагу перад іншымі транспартнымі сродкамі (акрамя трамваяў) незалежна ад напрамку іх руху.

112

Калі кіроўца не можа вызначыць паслядоўнасць праезду скрыжавання (з-за немагчымасці распазнаць наяўнасць пакрыцця на праезнай частцы дарогі (цёмны час сутак, бруд, снег і іншае) або адсутнічае дарожны знак прыярытэту ў кірунку руху), ён павінен дзейнічаць так, нібы знаходзіцца на другараднай дарозе.

113

На рэгулюемых скрыжаваннях могуць прымяняцца інфармацыйныя секцыі з бела-месяцовым перарывістым сігналам на чорным фоне або інфармацыйныя таблічкі белага колеру з чорнымі сімваламі. Інфармацыйныя секцыі або таблічкі могуць размяшчацца пад правай дадатковай секцыяй транспартных святлафораў або перад пешаходным пераходам разам з дарожнымі знакамі «Пешаходны пераход». Інфармацыйная секцыя або таблічка не змяняе значэння сігналаў святлафораў, патрабаванняў дарожных знакаў, дадзеных Правіл і дадаткова папярэджвае кіроўцаў аб неабходнасці саступіць дарогу пешаходам, веласіпедыстам і кіроўцам трамваяў.

14 Пешаходныя пераходы і пункты прыпынку маршрутных транспартных сродкаў #

114

Пешаходны пераход пазначаецца дарожнымі знакамі «Пешаходны пераход» і (або) гарызантальнай дарожнай разметкай 1.14.1–1.14.3. Дадаткова на пешаходным пераходзе могуць быць устаноўлены iншыя тэхнічныя сродкі арганізацыі дарожнага руху. Пры адсутнасці гарызантальнай дарожнай разметкі 1.14.1–1.14.3 шырыня пешаходнага пераходу вызначаецца адлегласцю паміж дарожнымі знакамі «Пешаходны пераход», а пры ўстаноўцы дарожных знакаў толькі са знешняй у адносінах да цэнтру скрыжавання мяжы пешаходнага пераходу — адлегласцю паміж створам устаноўкі дарожных знакаў і ўмоўнай лініяй, якая злучае пачаткі закругленняў краёў прылеглай да тратуара праезнай часткі дарогі.

115

Пешаходны пераход, на якім рух пешаходаў праз праезную частку дарогі рэгулюецца рэгуліроўшчыкам або святлафорам, называецца рэгулюемым. На рэгулюемым пешаходным пераходзе пры падачы дазваляльнага сігналу рэгуліроўшчыкам або ўключэнні дазваляльнага сігналу святлафора кіроўца павінен саступіць дарогу пешаходам, якія не скончылі пераход праезнай часткі дарогі.

116

Пры пад'ездзе да нерэгулюемага пешаходнага пераходу кіроўца павінен рухацца з хуткасцю, якая дазволіць пры неабходнасці саступіць дарогу пешаходам.

117

Калі перад пешаходным пераходам спыніўся (стаіць) або запаволіў рух транспартны сродак, то кіроўцы іншых транспартных сродкаў, якія рухаюцца па суседніх палосах руху ў спадарожным напрамку, павінны знізіць хуткасць руху і пры наяўнасці пешаходаў саступіць ім дарогу.

118

Кіроўцу забараняецца заязджаць на пешаходны пераход, калі ўтварыўся затор, які вымусіць яго спыніцца на пешаходным пераходзе.

119

Усюды, у тым ліку і па-за пешаходнымі пераходамі, кіроўца павінен саступіць дарогу пешаходу — інваліду па зроку, які падае сігнал кіем белага колеру або кіем з пакрыццём павышанай бачнасці, у тым ліку са святлоадбівальным элементам (элементамі). Кіроўца павінен быць гатовы знізіць хуткасць руху або спыніцца, каб выключыць верагоднасць наезду на такіх удзельнікаў дарожнага руху, а таксама дзяцей і пешаходаў з бачнымі парушэннямі апорна-рухальнага апарату.

120

Кіроўца павінен спыніцца, саступіўшы дарогу пешаходам, якія ідуць да маршрутнага транспартнага сродку, што стаіць на пункце прыпынку, або ад яго (з боку дзвярэй), калі пасадка (высадка) пасажыраў ажыццяўляецца з праезнай часткі дарогі або з пасадачнай пляцоўкі, размешчанай на ёй. Пачынаць рух дазваляецца толькі пасля закрыцця дзвярэй маршрутнага транспартнага сродку і выключэння на ім аварыйнай светлавой сігналізацыі (светлавога паказальніка правага павароту).

121

Забараняецца апярэджваць трамвай, які рухаецца, у якога ўключана аварыйная светлавая сігналізацыя (светлавы паказальнік правага павароту), у зоне пункта прыпынку трамвая, пазначанай дарожным знакам «Пункт прыпынку трамвая» і (або) гарызантальнай дарожнай разметкай 1.17.2.

122

Набліжаючыся да транспартнага сродку, які стаіць з уключанай аварыйнай светлавой сігналізацыяй і які мае апазнавальны знак «Перавозка дзяцей», кіроўца павінен знізіць хуткасць руху, пры неабходнасці спыніцца і саступіць дарогу пешаходам.

15 Перавага маршрутных транспартных сродкаў #

123

Па-за скрыжаваннямі ў месцах, дзе трамвайныя пуці перасякаюць праезную частку дарогі, трамвай мае перавагу перад іншымі транспартнымі сродкамі, акрамя выпадкаў выезду з дэпо і месцаў, дзе чарговасць руху вызначаецца дарожнымі знакамі прыярытэту або сігналамі святлафораў.

124

На дарогах з паласой руху для маршрутных транспартных сродкаў, пазначаных дарожнымі знакамі «Паласа для маршрутных транспартных сродкаў», «Дарога з паласой для маршрутных транспартных сродкаў», забараняюцца рух, прыпынак і стаянка іншых транспартных сродкаў на гэтай паласе. Калі паласа руху, пазначаная дарожным знакам «Паласа для маршрутных транспартных сродкаў», аддзелена ад астатняй праезнай часткі дарогі перарывістай лініяй гарызантальнай дарожнай разметкі, то для ажыццяўлення павароту кіроўца абавязаны перастройвацца на яе. Дазваляецца таксама ў такіх месцах заязджаць на гэтую паласу для пасадкі (высадкі) пасажыраў каля правага краю праезнай часткі, калі гэта не створыць перашкоды для руху маршрутных транспартных сродкаў.

125

У населеным пункце кіроўца транспартнага сродку, які рухаецца па крайняй правай паласе, павінен саступіць дарогу маршрутнаму транспартнаму сродку, які пачынае рух ад пазначанага пункта прыпынку, пры яго перастраенні на крайнюю правую паласу руху.

16 Чыгуначныя пераезды #

126

Кіроўцы могуць перасякаць чыгуначныя пуці толькі па чыгуначных пераездах, саступаючы дарогу чыгуначнаму транспартнаму сродку.

127

Пры пад'ездзе да чыгуначнага пераезда кіроўца абавязаны пераканацца ў адсутнасці чыгуначнага транспартнага сродку, які набліжаецца, і кіравацца ўказаннямі дзяжурнага па чыгуначным пераездзе, патрабаваннямі святлафораў, дарожных знакаў, дарожнай разметкі, становішчам шлагбаума і гукавым сігналам.

128

Забараняецца:

128.1

выязджаць на чыгуначны пераезд:

128.1.1

пры закрытым шлагбауме ці калі ён пачынае закрывацца незалежна ад сігналу святлафора;

128.1.2

пры забараняльным сігнале святлафора незалежна ад наяўнасці і становішча шлагбаума;

128.1.3

пры забараняльным сігнале дзяжурнага па чыгуначным пераездзе (дзяжурны звернуты да кіроўцы грудзьмі або спінай з паднятым над галавой ліхтаром, які выпраменьвае чырвонае святло, або сцяжком чырвонага колеру, або з выцягнутымі ў бок рукамі);

128.1.4

калі за чыгуначным пераездам утварыўся затор, які вымусіць кіроўцу спыніцца на чыгуначным пераездзе;

128.1.5

калі да чыгуначнага пераезда ў межах бачнасці набліжаецца чыгуначны транспартны сродак;

128.2

аб'язджаць з выездам на сустрэчную паласу руху транспартныя сродкі, якія стаяць перад чыгуначным пераездам;

128.3

самавольна адкрываць шлагбаум;

128.4

правозіць праз чыгуначны пераезд сельскагаспадарчыя, дарожныя, будаўнічыя і іншыя машыны і механізмы ў становішчы, пры якім яны пры транспартоўцы могуць стаць перашкодай для дарожнага руху, пашкодзіць пакрыццё дарогі, чыгуначны пуць, абсталяванне чыгуначнага пераезда, тэхнічныя сродкі арганізацыі дарожнага руху;

128.5

рух праз чыгуначны пераезд на электрыфікаваных участках транспартных сродкаў, габарытныя памеры якіх з грузам або без грузу перавышаюць па вышыні 4 метра ад паверхні дарогі, — без узгаднення з начальнікам дыстанцыі электразабеспячэння арганізацыі Беларускай чыгункі;

128.6

рух праз чыгуначны пераезд ціхаходных транспартных сродкаў, хуткасць руху якіх менш за 8 км/г, і саней-валакуш — без дазволу начальніка дыстанцыі пуці чыгункі.

129

У выпадку, калі рух праз чыгуначны пераезд забаронены, кіроўца павінен спыніцца каля дарожнага знака «Рух без спынення забаронены» ці «Стоп-лінія» (лініі гарызантальнай дарожнай разметкі 1.12), пры іх адсутнасці — перад святлафорам, пры адсутнасці святлафора — не бліжэй за 5 метраў ад шлагбаума, пры адсутнасці шлагбаума — каля дарожнага знака «Аднакалейная чыгунка» або «Шматкалейная чыгунка», пры адсутнасці тэхнічных сродкаў арганізацыі дарожнага руху — не бліжэй за 10 метраў да бліжэйшай рэйкі.

130

Пры вымушаным прыпынку транспартнага сродку на чыгуначным пераездзе кіроўца абавязаны ўключыць аварыйную светлавую сігналізацыю, неадкладна высадзіць пасажыраў і прыняць меры для вызвалення чыгуначнага пераезда. Адначасова кіроўца павінен пры наяўнай магчымасці накіраваць двух чалавек уздоўж чыгуначных пуцей у абодва бакі ад пераезда на 1 кіламетр (калі аднаго, то ў бок горшай бачнасці чыгуначнага пуці), патлумачыўшы ім парадак падачы сігналу прыпынку машыністу чыгуначнага транспартнага сродку, які набліжаецца, а сам — заставацца каля транспартнага сродку і падаваць сігналы агульнай трывогі (серыі з аднаго доўгага і трох кароткіх гукавых сігналаў). Пры з'яўленні чыгуначнага транспартнага сродку кіроўца (пасажыр) абавязаны бегчы яму насустрач, падаваць сігнал прыпынку, выконваючы меры засцярогі. Сігналам прыпынку служыць кругавы рух рукі (днём — з кавалкам яркай тканіны або якім-небудзь добра бачным прадметам, ноччу — з ліхтаром або факелам).

17 Рух па аўтамагістралі #

131

Аўтамагістраль пазначаецца дарожным знакам «Аўтамагістраль». На аўтамагістралях забараняецца:

131.1

рух пешаходаў, гужавых транспартных сродкаў, коннікаў, паганятых жывёлы, рух на веласіпедах, мапедах, колавых трактарах, самаходных машынах і транспартных сродках, якія па тэхнічных прычынах не могуць развіваць хуткасць руху больш за 40 км/г;

131.2

прыпынак транспартных сродкаў па-за пляцоўкамі для стаянкі, пазначанымі дарожнымі знакамі «Месца стаянкі», «Месца адпачынку»;

131.3

разварот і ўезд у разрывы раздзяляльнай паласы, за выключэннем месцаў, пазначаных дарожнымі знакамі «Месца для развароту», «Зона для развароту»;

131.4

рух заднім ходам;

131.5

буксіроўка механічнага транспартнага сродку (пры яго эвакуацыі неабходна пакінуць аўтамагістраль на бліжэйшым з'ездзе з яе);

131.6

навучанне кіраванню механічным транспартным сродкам.

132

Патрабаванні дадзеных Правіл, устаноўленыя для руху па аўтамагістралі, распаўсюджваюцца таксама на дарогі, пазначаныя дарожным знакам «Дарога для аўтамабіляў».

18 Рух у жылой і пешаходнай зонах, на прылеглай тэрыторыі #

133

Рух транспартных сродкаў у жылой і пешаходнай зонах, на прылеглай тэрыторыі дапускаецца з улікам патрабаванняў дадзенага раздзела пры ўмове прыняцця кіроўцамі ўсіх мер па забеспячэнні бяспекі пешаходаў, веласіпедыстаў, іншых удзельнікаў дарожнага руху.

134

У пешаходнай зоне дапускаецца рух толькі транспартных сродкаў дарожна-эксплуатацыйнай і камунальнай службаў, аўтамабіляў з нахіленай белай паласой на бартах, а таксама іншых транспартных сродкаў, якія абслугоўваюць гандлёвыя і іншыя арганізацыі, размешчаныя ў пешаходнай зоне (грамадзян, якія жывуць у дадзенай зоне), транспартных сродкаў, якія належаць грамадзянам, якія пражываюць у гэтай зоне, пры адсутнасці іншых магчымасцей пад'езду.

135

У жылой і пешаходнай зонах, на прылеглай тэрыторыі рух пешаходаў дазваляецца па тратуары, узбочыне і па праезнай частцы дарогі. Пешаходы маюць перавагу перад транспартнымі сродкамі, але не павінны неабгрунтавана перашкаджаць іх руху.

136

Пры выездзе з жылой і пешаходнай зон, прылеглай тэрыторыі кіроўцы павінны саступіць дарогу транспартным сродкам, якія рухаюцца па дарозе, а таксама пешаходам, веласіпедыстам і коннікам, шлях руху якіх яны перасякаюць.

137

У жылой і пешаходнай зонах, на прылеглай тэрыторыі кіроўцам механічных транспартных сродкаў забараняецца:

137.1

рух з хуткасцю больш за 20 км/г;

137.2

транзітны рух;

137.3

навучанне кіраванню механічным транспартным сродкам;

137.4

стаянка механічнага транспартнага сродку з вядомай кіроўцу няспраўнасцю супрацьугоннай гукавой сігналізацыі, якая адвольна падае бесперапынныя гукавыя сігналы;

137.5

стаянка грузавых аўтамабіляў, аўтобусаў, колавых трактароў і самаходных машын па-за спецыяльна адведзенымі месцамі, пазначанымі дарожным знакам «Месца стаянкі», калі гэта не звязана з выкананнем імі работ.

19 Прыпынак і стаянка транспартных сродкаў #

138

Прыпынак і стаянка транспартных сродкаў дазваляюцца:

138.1

у спецыяльна адведзеным месцы, пазначаным дарожным знакам «Месца стаянкі» («Месца стаянкі таксі», «Месца адпачынку»);

138.2

на правай па ходу руху ўзбочыне, а пры адсутнасці ўзбочыны або немагчымасці спыніцца на ёй — каля краю праезнай часткі дарогі паралельна яму, за выключэннем тых месцаў, дзе з дапамогай дарожных знакаў або дарожнай разметкі дапускаецца іншае размяшчэнне транспартных сродкаў (па-за населенымі пунктамі дазваляецца толькі прыпынак транспартных сродкаў);

138.3

на левай узбочыне дарогі з аднабаковым рухам, а пры яе адсутнасці або немагчымасці спыніцца на ёй — каля левага краю праезнай часткі дарогі паралельна яму, за выключэннем тых месцаў, дзе з дапамогай дарожных знакаў або дарожнай разметкі дапускаецца іншае размяшчэнне транспартных сродкаў, пры наяўнасці там тратуара, які непасрэдна прылягае да праезнай часткі дарогі, а ў населеных пунктах — таксама на дарозе з адной паласой руху для кожнага напрамку без трамвайных пуцей пасярэдзіне (па-за населенымі пунктамі дазваляецца толькі прыпынак транспартных сродкаў).

139

Транспартныя сродкі дазваляецца ставіць на стаянку з выкананнем патрабаванняў дарожных знакаў і гарызантальнай дарожнай разметкі, а пры іх адсутнасці — пры ўмове рацыянальнага выкарыстання месца стаянкі, не ствараючы перашкоды для доступу да іншых транспартных сродкаў, якія знаходзяцца на ім, і іх наступнага руху.

140

Прыпынак на час больш за 5 хвілін і стаянка транспартнага сродку, у тым ліку ў месцах, спецыяльна адведзеных для адпачынку, павінна ажыццяўляцца з непрацуючым рухавіком транспартнага сродку.

141

. Пры вымушаным прыпынку транспартнага сродку на праезнай частцы дарогі і ў месцах, дзе прыпынак забаронены, кіроўца павінен прыняць усе магчымыя меры для вывядзення яго за межы праезнай часткі дарогі. Выпраўляць тэхнічныя няспраўнасці транспартнага сродку па магчымасці неабходна за межамі праезнай часткі дарогі. У выпадку ліквідацыі тэхнічных няспраўнасцей транспартнага сродку на праезнай частцы дарогі асобам, якія выконваюць такія дзеянні, рэкамендуецца знаходзіцца ў адзенні павышанай бачнасці са святлоадбівальнымі элементамі.

142

Транспартныя сродкі, за выключэннем веласіпеда, мапеда, матацыкла без бакавога прычэпа, штурхаць па праезнай частцы дарогі забараняецца (за выключэннем выпадку вывядзення іх за межы праезнай часткі дарогі).

143

Прыпынак і стаянка транспартных сродкаў забараняюцца:

143.1

у зоне дзеяння адпаведна дарожных знакаў «Прыпынак забаронены», «Стаянка забаронена», «Стаянка забаронена па няцотных чыслах месяца», «Стаянка забаронена па цотных чыслах месяца» і (або) ліній гарызантальнай дарожнай разметкі 1.4, 1.10;

143.2

у месцах, дзе адлегласць паміж суцэльнай лініяй гарызантальнай дарожнай разметкі (акрамя той, якая пазначае край праезнай часткі дарогі) і спыненым транспартным сродкам складае менш за 3 метры;

143.3

на пешаходных пераходах і бліжэй за 15 метраў ад іх на дарозе ў абодва бакі;

143.4

на скрыжаваннях і бліжэй за 15 метраў ад краю перасякаемай праезнай часткі дарогі (акрамя жылых зон), за выключэннем боку насупраць бакавога праезду трохбаковых скрыжаванняў, якія маюць суцэльную лінію гарызантальнай дарожнай разметкі або суцэльную раздзяляльную паласу;

143.5

на пунктах прыпынку маршрутных транспартных сродкаў і бліжэй за 15 метраў ад іх, акрамя выпадкаў прыпынку для пасадкі (высадкі) пасажыраў, калі гэта не створыць перашкоды для руху маршрутных транспартных сродкаў;

143.6

на мастах, пуцеправодах, эстакадах і пад імі, акрамя спецыяльна абсталяваных месцаў для стаянкі;

143.7

на палосах разгону і тармажэння, з'ездах транспартных развязак у розных узроўнях і ўездах на іх;

143.8

на чыгуначных пераездах і бліжэй за 50 метраў ад іх у абодва бакі;

143.9

на паваротах дарогі, пазначаных дарожнымі знакамі «Небяспечны паварот», «Небяспечныя павароты», у іншых месцах з абмежаванай агляднасцю дарогі і дзе бачнасць дарогі менш за 100 метраў хоць бы ў адным напрамку руху;

143.10

на праезнай частцы двухпалоснай дарогі насупраць транспартнага сродку, які стаіць на супрацьлеглым баку дарогі;

143.11

на левым баку дарогі, за выключэннем выпадкаў, названых у падпункце 138.3 пункта 138 дадзеных Правіл;

143.12

на трамвайных пуцях і ў непасрэднай блізкасці ад іх, калі гэта створыць перашкоду для руху трамваяў;

143.13

у месцах, дзе транспартны сродак закрые ад іншых кіроўцаў сігналы святлафора, дарожныя знакі або іншыя тэхнічныя сродкі арганізацыі дарожнага руху;

143.14

на тратуарах, акрамя спецыяльна адведзеных месцаў, пазначаных дарожным знакам «Месца стаянкі» («Месца стаянкі таксі»). Дапускаецца прыпынак транспартных сродкаў дарожна-эксплуатацыйнай і камунальнай службаў, аўтамабіляў з нахіленай белай паласой на бартах, а таксама іншых транспартных сродкаў, якія абслугоўваюць гандлёвыя і іншыя арганізацыі, размешчаныя непасрэдна каля тратуараў, на час выканання работ або загрузкі (разгрузкі) транспартнага сродку пры ўмове забеспячэння бяспекі дарожнага руху;

143.15

на газонах і іншых участках з зялёнымі насаджэннямі;

143.16

на праездах у дварах з боку, прылеглага да жылой забудовы;

143.17

у месцах, дзе транспартны сродак, які стаіць, створыць перашкоду для руху, працы транспартных сродкаў аператыўнага прызначэння і транспартных сродкаў дарожна-эксплуатацыйнай і камунальных службаў (уезды ў двары і выезды з іх, праезды ў арках, вузкія мясцовыя праезды, месцы размяшчэння кантэйнераў для збору бытавых адыходаў і інш.);

143.18

бліжэй за 10 метраў ад службовых дзвярэй магазінаў, праз якія ажыццяўляюцца пагрузачна-разгрузачныя работы, зачыненых варот, у тым ліку варот гаражоў.

144

Уключэнне кіроўцам аварыйнай светлавой сігналізацыі пры наўмысным прыпынку і стаянцы ў месцах, дзе яны забароненыя, не вызваляе яго ад адказнасці за парушэнне патрабаванняў пункта 143 дадзеных Правіл.

145

Стаянка забараняецца:

145.1

па-за населенымі пунктамі транспартных сродкаў на праезнай частцы дарогі і на ўзбочыне;

145.2

транспартных сродкаў з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай звыш 3,5 тоны па-за спецыяльна адведзенымі месцамі, пазначанымі дарожным знакам «Месца стаянкі» («Месца адпачынку»).

146

Забараняецца адчыняць (зачыняць) дзверы транспартнага сродку або трымаць іх адчыненымі, калі гэта створыць перашкоду для руху іншых удзельнікаў дарожнага руху.

147

Пры парушэнні кіроўцамі правіл прыпынку або стаянкі транспартных сродкаў, у выніку якога створана перашкода для дарожнага руху або паўстала пагроза бяспекі грамадзян, супрацоўнікі ДАІ маюць права ажыццявіць прымусовую адбуксіроўку (эвакуацыю) такіх транспартных сродкаў у парадку, вызначаным заканадаўчымі актамі і прынятымі з мэтай іх рэалізацыі пастановамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Пры парушэнні кіроўцамі правіл прыпынку або стаянкі грузавых аўтамабіляў, аўтобусаў, колавых трактароў, самаходных машын супрацоўнікамі ДАІ можа быць ажыццёўлена блакіроўка колаў гэтых транспартных сродкаў у парадку, вызначаным заканадаўчымі актамі і і прынятымі з мэтай іх рэалізацыі пастановамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

20 Рух на веласіпедах і мапедах #

148

Рух на веласіпедзе павінен ажыццяўляцца па веласіпеднай дарожцы, а пры яе адсутнасці — па ўзбочыне, тратуары або пешаходнай дарожцы, не ствараючы перашкоды для бяспечнага руху пешаходаў. Пры адсутнасці названых элементаў дарогі ці немагчымасці руху па іх дапускаецца рух веласіпедыстаў па праезнай частцы дарогі ў адзін рад не далей за 1 метр ад яе правага краю. Пры гэтым:

148.1

выезд далей за 1 метр ад правага краю праезнай часткі дарогі дапускаецца толькі для аб'езду перашкоды і ў дазволеных выпадках для павароту налева ці развароту;

148.2

калоны веласіпедыстаў пры руху па праезнай частцы дарогі павінны быць падзелены на групы не больш чым па 10 веласіпедыстаў. Адлегласць паміж групамі павінна складаць не менш за 100 метраў;

148.3

пры наяўнасці на праезнай частцы дарогі лініі гарызантальнай дарожнай разметкі 1.2, якая пазначае яе край, гэта лінія павінна размяшчацца злева ад веласіпедыста.

149

Пры руху па дарозе ў цёмны час сутак і (або) пры яе недастатковай бачнасці на веласіпедзе або мапедзе павінны быць уключаны: спераду — фара (ліхтар), якая выпраменьвае белае святло, ззаду — ліхтар, які выпраменьвае чырвонае святло.

150

Па-за скрыжаваннямі на нерэгулюемым скрыжаванні веласіпеднай дарожкі з дарогай веласіпедыст абавязаны саступіць дарогу транспартным сродкам, якія рухаюцца па гэтай дарозе.

151

Пры перасячэнні праезнай часткі дарогі па пешаходным пераходзе веласіпедыст павінен весці веласіпед побач з сабой і кіравацца патрабаваннямі, прадугледжанымі дадзенымі Правіламі для руху пешаходаў.

152

Рух на мапедзе павінен ажыццяўляцца па ўзбочыне цi праезнай частцы дарогі не далей за 1 метр ад правага краю праезнай часткі. Пры гэтым выезд далей за 1 метр ад яе правага краю дапускаецца толькі для аб'езду перашкоды і ў дазволеных выпадках для павароту налева ці развароту.

153

Веласіпедысту і кіроўцу мапеда забараняецца:

153.1

выкарыстоўваць тэхнічна няспраўныя веласіпеды і мапеды, а таксама абсталяваныя з парушэннем патрабаванняў тэхнічных нарматыўных прававых актаў;

153.2

рухацца, не трымаючыся за руль і (або) не трымаючы ногі на педалях (падножках);

153.3

паварочваць налева ці разварочвацца на дарозе, якая мае трамвайны пуць, і на дарозе, якая мае больш за адну паласу для руху ў дадзеным кірунку;

153.4

рухацца па дарозе ва ўмовах снегападу і (або) галалёдзіцы;

153.5

перавозіць пасажыраў, за выключэннем перавозкі на веласіпедзе дзяцей ва ўзросце да сямі гадоў на дадатковым спецыяльна абсталяваным сядзенні або калі перавозка пасажыраў прадугледжана канструкцыяй мапеда;

153.6

перавозіць грузы, якія выступаюць больш чым на 0,5 метра па даўжыні або шырыні за габарыты транспартнага сродку, а таксама грузы, якія замінаюць кіраванню гэтым транспартным сродкам.

154

Забараняецца без суправаджэння паўналетняй асобы кіраваць на дарозе асобам, маладзейшым за:

154.1

чатырнаццаць гадоў — веласіпедам (акрамя пешаходных і жылых зон, тратуараў, веласіпедных і пешаходных дарожак);

154.2

шаснаццаць гадоў — мапедам (акрамя пешаходных і жылых зон).

155

Кіроўцу мапеда забараняецца ездзіць па тратуарах, веласіпедных і пешаходных дарожках, дарожках для коннікаў.

156

Забараняецца буксіроўка веласіпеда і веласіпедам, за выключэннем веласіпеднага прычэпа прамысловай вытворчасці.

21 Рух гужавых транспартных сродкаў, коннікаў і прагон жывёлы #

157

Кіроўцы гужавых транспартных сродкаў, коннікі і паганятыя жывёлы павінны быць не маладзей за чатырнаццаць гадоў.

158

Кіроўцам гужавых транспартных сродкаў, коннікам і паганятым жывёлы забараняецца:

158.1

вадзіць жывёлу па дарогах агульнага карыстання з удасканаленым пакрыццём па-за населенымі пунктамі;

158.2

пакідаць жывёлу без нагляду на дарозе, пераганяць яе праз чыгуначныя пуці і дарогі па-за спецыяльна абсталяванымі месцамі, узгодненымі ў вызначаным парадку, а таксама ў цёмны час сутак і (або) пры недастатковай бачнасці дарогі;

158.3

ажыццяўляць выпас жывёлы ў межах паласы зямлі, на якой размяшчаюцца дарога і ўсе яе збудаванні.

159

Пры руху па дарозе ў цёмны час сутак і (або) пры яе недастатковай бачнасці на гужавым транспартным сродку спераду павінен быць уключаны ліхтар, які выпраменьвае белае святло, ззаду — ліхтар, які выпраменьвае чырвонае святло.

160

Рух па праезнай частцы дарогі на гужавых транспартных сродках і коннікаў дазваляецца толькі ў адзін рад на адлегласці не далей за 1 метр ад яе правага краю. Пры гэтым:

160.1

забараняецца паварочваць налева ці разварочвацца на дарозе, якая мае трамвайны пуць, і на дарозе, якая мае больш за адну паласу для руху ў дадзеным кірунку;

160.2

дапускаецца рух гужавых транспартных сродкаў і коннікаў па ўзбочыне, калі гэта не стварае перашкоды для бяспечнага руху пешаходаў.

161

Кіроўца гужавага транспартнага сродку, коннік пры выездзе з другараднай дарогі на галоўную ў цёмны час сутак, пры недастатковай бачнасці дарогі або ў месцах з яе абмежаванай агляднасцю абавязаны весці жывёлу за аброць.

22 Карыстанне знешнімі светлавымі прыборамі і гукавымі сігналамі транспартных сродкаў #

162

Пры руху ў цёмны час сутак і (або) пры недастатковай бачнасці дарогі незалежна ад яе асветленасці на транспартным сродку павінны быць уключаны наступныя светлавыя прыборы:

162.1

фары далёкага або блізкага святла — на механічным транспартным сродку;

162.2

фары і (або) ліхтары — на веласіпеды;

162.3

габарытныя агні — на прычэпе, а таксама на механічным транспартным сродку, які буксіруюць, пры адсутнасці або няспраўнасці аварыйнай светлавой сігналізацыі.

163

Далёкае святло фар павінна быць пераключана на блізкае:

163.1

у населеным пункце, калі дарога асветленая;

163.2

пры сустрэчным раз'ездзе на адлегласці не менш за 300 метраў да транспартнага сродку, а таксама на большай адлегласці, калі кіроўца сустрэчнага транспартнага сродку перыядычным пераключэннем святла фар пакажа неабходнасць гэтага;

163.3

калі далёкае святло фар будзе асвятляць транспартны сродак, які рухаецца ў спадарожным напрамку, або яго кіроўца ўключэннем аварыйнай светлавой сігналізацыі пакажа неабходнасць такога пераключэння;

163.4

ў любых іншых выпадках для выключэння магчымасці асляплення кіроўцаў як сустрэчных, так і спадарожных транспартных сродкаў. Пры асляпленні кіроўца павінен неадкладна ўключыць аварыйную светлавую сігналізацыю і, не перастройваючыся, знізіць хуткасць руху і спыніцца.

164

Пры прыпынку, стаянцы ў цёмны час сутак на неасветленых участках дарогі і (або) пры яе недастатковай бачнасці (акрамя жылых зон) на транспартным сродку павінны быць уключаны габарытныя або стаяначныя агні.

165

Супрацьтуманныя фары на транспартным сродку могуць выкарыстоўвацца кіроўцам:

165.1

у цёмны час сутак і (або) пры недастатковай бачнасці дарогі сумесна з блізкім або далёкім святлом фар;

165.2

замест блізкага святла фар ва ўмовах, прадугледжаных пунктамі 166 і 167 дадзеных Правіл.

166

У светлы час сутак для абазначэння транспартнага сродку, які рухаецца, павінны быць уключаны блізкае святло фар або дзённыя хадавыя агні (пры іх наяўнасці):

166.1

на матацыкле і мапедзе;

166.2

пры руху ў транспартнай калоне;

166.3

на маршрутным транспартным сродку, які рухаецца па спецыяльна вылучанай паласе насустрач руху;

166.4

пры арганізаванай перавозцы групы дзяцей;

166.5

пры перавозцы небяспечных грузаў, руху цяжкавагавых і (або) буйнагабарытных транспартных сродкаў;

166.6

пры буксіроўцы (на транспартным сродку, які буксіруе);

166.7

падчас навучання кіраванню механічным транспартным сродкам на дарогах;

166.8

на механічных транспартных сродках пры арганізацыі часовага іх руху па сустрэчнай паласе руху;

166.9

у перыяд правядзення Мiнiстэрствам унутраных спраў рэспубліканскіх спецыяльных комплексных мерапрыемстваў па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху, якія прадугледжваюць рух транспартных сродкаў у светлы час сутак з уключанымі блізкім святлом фар або дзённымі хадавымі агнямі (пры іх наяўнасці).

167

Пры пагаршэнні бачнасці транспартнага сродку на дарозе для яго абазначэння падчас руху ў светлы час сутак могуць быць уключаны блізкае святло фар або дзённыя хадавыя агні (пры іх наяўнасці).

168

Фарай-пражэктарам і фарай-шукальнікам дазваляецца карыстацца толькі па-за населенымі пунктамі пры адсутнасці сустрэчных транспартных сродкаў. У населеных пунктах карыстацца такімі фарамі могуць толькі кіроўцы транспартных сродкаў аператыўнага прызначэння пры выкананні службовага задання.

169

Заднія супрацьтуманныя ліхтары на транспартных сродках могуць прымяняцца толькі пры недастатковай бачнасці дарогі.

170

Апазнавальны знак «Аўтапоезд» павінен быць уключаны пры руху аўтапоезда, а ў цёмны час сутак на неасветленых участках дарогі і (або) пры яе недастатковай бачнасці, акрамя таго, — і на час яго прыпынку або стаянкі.

171

Маячок аранжавага колеру павінен быць уключаны на:

171.1

транспартным сродку, самаходнай машыне пры выкананні рамонтных і іншых работ на дарозе;

171.2

транспартным сродку, які перавозіць небяспечныя грузы, цяжкавагавым і (або) буйнагабарытным транспартным сродку;

171.3

механічным транспартным сродку, які ажыццяўляе суправаджэнне пры перавозцы цяжкавагавых і (або) буйнагабарытных грузаў;

171.4

механічным транспартным сродку, спецыяльна прызначаным для транспартоўкі пашкоджаных і няспраўных транспартных сродкаў, пры іх пагрузцы, транспартоўцы і выгрузцы;

171.5

механічным транспартным сродку, спецыяльна прызначаным у адпаведнасці з патрабаваннямі тэхнічных нарматыўных прававых актаў для падвозу груп дзяцей ва ўстановы адукацыі, пры пасадцы і высадцы пасажыраў;

171.6

самаходнай машыне падчас яе руху па дарозе.

172

Гукавыя сігналы могуць прымяняцца толькі для:

172.1

папярэджання іншых кіроўцаў аб намеры ажыццявіць абгон па-за населенымі пунктамі;

172.2

прадухілення дарожна-транспартнага здарэння.

173

Для папярэджання аб абгоне замест гукавога сігналу (або сумесна з ім) можа падавацца светлавы сігнал, які ўяўляе сабой у светлы час сутак перыядычнае кароткачасовае ўключэнне і выключэнне святла фар, а ў цёмны час сутак — перыядычнае пераключэнне фар з блізкага святла на далёкі.

23 Перавозка пасажыраў #

174

Пры перавозцы пасажыраў фактычная маса транспартнага сродку не павінна перавышаць тэхнічна дапушчальную агульную масу транспартнага сродку, устаноўленую арганізацыяй (заводам)-вытворцам.

175

Перавозка пасажыраў у кузаве грузавога аўтамабіля павінна ажыццяўляцца кіроўцамі, якія маюць стаж кіравання механічным транспартным сродкам дадзенай катэгорыі больш за тры гады і пасведчанне кіроўцы на права кіравання механічным транспартным сродкам катэгорыі «С», а пры перавозцы больш за 8 чалавек (у тым ліку пасажыраў у кабіне) — на права кіравання механічным транспартным сродкам катэгорый «С» і «D» (акрамя перавозкi пасажыраў, што ажыццяўляецца ў вызначаным парадку вайскоўцамі).

176

Перад паездкай кіроўца грузавога аўтамабіля абавязаны праінструктаваць пасажыраў аб парадку іх пасадкі (размяшчэння і высадкі) у кузаў, а таксама аб правілах паводзін у час руху.

177

Колькасць пасажыраў, якія перавозяцца ў кузаве грузавога аўтамабіля з бартавой платформай, у кузаве-фургоне, не павінна перавышаць колькасці месцаў, абсталяваных для сядзення. Праезд у кузаве грузавога аўтамабіля з бартавой платформай або ў кузаве-фургоне, не абсталяваных для перавозкі пасажыраў, дазваляецца толькі асобам, якія едуць за атрыманнем груза або суправаджаюць яго, пры ўмове, што яны забяспечаны месцамі для сядзення, размешчанымі ніжэй за ўзровень бартоў.

178

Перавозка дзяцей у легкавым аўтамабілі, абсталяваным рамянямі бяспекі, павінна ажыццяўляцца з выкарыстаннем: дзіцячых утрымліваючых прыстасаванняў, што адпавядаюць вазе і росту дзіцяці, - ва ўзросце да пяці гадоў; дзіцячых утрымліваючых прыстасаванняў, якія адпавядаюць вазе і росту дзіцяці, іншых сродкаў (бустараў, спецыяльных падушак для сядзення, дадатковых сядзенняў), якія дазваляюць бяспечна прышпіліць дзіця з дапамогай рамянёў бяспекі, прадугледжаных канструкцыяй транспартнага сродку, - ва ўзросце ад пяці да дванаццаці гадоў. Дапускаецца перавозіць дзяцей ва ўзросце да дванаццаці гадоў без выкарыстання названых у частцы першай гэтага пункта прылад у выпадку, калі рост дзіцяці перавышае 150 сантыметраў, а таксама ў аўтамабілі-таксі. Забараняецца перавозка дзяцей на пярэднім сядзенні легкавога аўтамабіля з выкарыстаннем дзіцячых утрымліваючых прыладаў, якія адпавядаюць вазе і росту дзіцяці, спінка якіх разгорнута да лабавога шкла транспартнага сродку, калі пярэдняе сядзенне мае падушку бяспекі, за выключэннем выпадку, калі механізм франтальнай падушкі бяспекі адключаны.

179

Пры перавозцы груп дзяцей у аўтобусе кожнае дзіця павінна быць забяспечана асобным пасадачным месцам, а ў салоне павінна знаходзіцца не менш за аднаго паўналетняга суправаджальніка на дваццаць дзяцей. На аўтобусе спераду і ззаду ўсталёўваецца апазнавальны знак «Перавозка дзяцей».

180

Кіроўца транспартнага сродку абавязаны ажыццяўляць пасадку (высадку) пасажыраў толькі пасля поўнага спынення транспартнага сродку, а пачынаць рух — толькі з зачыненымі дзвярыма і не адчыняць іх да поўнага спынення. Пры гэтым кіроўца маршрутнага транспартнага сродку для пасадкі (высадкі) пасажыраў абавязаны спыняцца толькі на пазначаных пунктах прыпынку.

181

Забараняецца перавозіць:

181.1

пасажыраў з парушэннем патрабаванняў, выкладзеных у пунктах 174–180 дадзеных Правіл, і іншых патрабаванняў, вызначаных дадзенымі Правіламі ў дачыненні да перавозкі пасажыраў;

181.2

пасажыраў па-за салонам (кабінай) аўтамабіля (акрамя выпадкаў перавозкі пасажыраў у кузаве грузавога аўтамабіля з бартавой платформай або ў кузаве-фургоне), кабінай колавага трактара, самаходнай машыны, на прычэпе, у кузаве грузавога матацыкла і па-за прадугледжанымі канструкцыяй матацыкла месцамі для сядзення;

181.3

пасажыраў звыш колькасці, прадугледжанай тэхнічнай характарыстыкай транспартнага сродку;

181.4

пасажыраў на вучэбным механічным транспартным сродку, якім кіруе асоба, што навучаецца кіраванню механічным транспартным сродкам, за выключэннем выпадкаў прыёму кваліфікацыйнага практычнага экзамену на права кіравання механічным транспартным сродкам і правядзення кантрольных праверак вучэбнай арганізацыі;

181.5

дзяцей да дванаццаці гадоў на заднім сядзенні матацыкла, мапеда;

181.6

дзяцей на каленях у кіроўцы, у пасажыра на пярэднім сядзенні легкавога аўтамабіля;

181.7

дзяцей у кузаве грузавога аўтамабіля з бартавой платформай і ў кузаве-фургоне.

24 Перавозка грузаў #

182

Маса грузу, які перавозіцца, і размеркаванне нагрузкі па восях не павінны перавышаць велічынь, устаноўленых арганізацыяй (заводам)-вытворцам для дадзенага транспартнага сродку.

183

Перад пачаткам руху і ў шляху руху кіроўца абавязаны пры наяўнасці аб'ектыўнай магчымасці кантраляваць размяшчэнне, мацаванне і стан грузу, каб пазбегнуць яго зрушэнні і падзенні. Калі размяшчэнне, мацаванне, стан грузу ствараюць пагрозу бяспецы дарожнага руху, кіроўца павінен прыняць меры да ліквідацыі ўзніклай небяспекі альбо спыніць далейшы рух.

184

Перавозка грузу забараняецца, калі ён:

184.1

стварае пагрозу бяспецы дарожнага руху;

184.2

абмяжоўвае кіроўцу агляднасць дарогі;

184.3

ускладняе кіраванне транспартным сродкам, парушае яго ўстойлівасць;

184.4

закрывае знешнія светлавыя прыборы і святлоадбівальнікі, рэгістрацыйныя, часовыя нумарныя і апазнавальныя знакі транспартных сродкаў, а таксама перашкаджае ўспрыняццю сігналаў, якія падаюцца рукой пры няспраўных (адсутных) светлавых паказальніках паваротаў;

184.5

стварае шум, пыліць, забруджвае дарогу і навакольнае асяроддзе.

185

Груз, які выступае за габарыты транспартнага сродку спераду або ззаду больш чым на 1 метр або збоку больш чым на 0,4 метра ад знешняга краю габарытнага агню, павінен быць пазначаны апазнавальнымі знакамі «Буйнагабарытны груз», а ў цёмны час сутак і (або) пры недастатковай бачнасці дарогі, акрамя таго, спераду — ліхтаром, які выпраменьвае белае святло, ззаду — ліхтаром, які выпраменьвае чырвонае святло.

186

У адпаведнасці са спецыяльным дазволам на праезд цяжкавагавых і (або) буйнагабарытных транспартных сродкаў па аўтамабільных дарогах агульнага карыстання Рэспублікі Беларусь і правіламі ажыццяўляецца рух цяжкавагавага транспартнага сродку і транспартнага сродку, габарытныя памеры якога з грузам або без грузу перавышаюць хоць бы адзін з наступных паказчыкаў (за выключэннем цяжкавагавага і (або) буйнагабарытнага транспартнага сродку, што заязджае (заехаў) на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў Рэспубліцы Беларусь і перавышае дапушчальную агульную масу і (або) дапушчальную восевую масу да 10 працэнтаў уключна):

186.1

па вышыні — 4 метра ад паверхні дарогі;

186.2

па даўжыні:

186.2.1

12 метраў для аўтамабіля, тралейбуса, прычэпа;

186.2.2

13,5 метра для аўтобуса з двума восямі, 15 метраў для аўтобуса з больш чым двума восямі;

186.2.3

18,75 метра для сучлененага аўтобуса, сучлененага тралейбуса;

186.2.4

20 метраў для аўтапоезда;

186.3

па шырыні:

186.3.1

2,6 метра для транспартных сродкаў з ізатэрмічным кузавам;

186.3.2

2,75 метра для аўтамабіляў КрАЗ, МАЗ-509А, МАЗ-543, МАЗ-5316, МАЗ-6317, МАЗ-6425, МЗКТ-6906 і іх мадыфікацый;

186.3.3

2,55 метра для іншых транспартных сродкаў;

186.4

калі груз выступае за габарыты транспартнага сродку па даўжыні на 2 метра і больш, то гэты транспартны сродак адносіцца да катэгорыі буйнагабарытных.

187

Перавозка небяспечных грузаў і выкарыстанай для іх перавозкі неачышчанай тары ажыццяўляецца ў адпаведнасці з правіламі перавозкі небяспечных грузаў аўтамабільным транспартам, зацверджанымі Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях.

25 Буксіроўка механічных транспартных сродкаў #

188

Буксіроўка механічнага транспартнага сродку ажыццяўляецца пры дапамозе счэпкі (гнуткай ці жорсткай) або шляхам яго частковай пагрузкі на транспартны сродак, які буксіруе.

189

Буксіроўка пры дапамозе счэпкі павінна ажыццяўляцца толькі пры наяўнасці кіроўцы за рулём транспартнага сродку, які буксіруецца, акрамя выпадку, калі канструкцыя жорсткай счэпкі забяспечвае рух транспартнага сродку, які буксіруецца, па траекторыі транспартнага сродку, які буксіруе.

190

Пры буксіроўцы аўтобуса, тралейбуса, трамвая, грузавога аўтамабіля, колавага трактара, самаходнай машыны пры дапамозе счэпкі забараняецца перавозка ў іх пасажыраў. Пры буксіроўцы шляхам частковай пагрузкі забараняецца знаходжанне людзей у транспартным сродку, які буксіруецца, а таксама ў кузаве транспартнага сродку, які буксіруе.

191

Пры буксіроўцы з дапамогай гнуткай счэпкі адлегласць паміж транспартнымі сродкамі, які буксіруе і які буксіруецца, павінна быць у межах 4–6 метраў, а пры буксіроўцы з дапамогай жорсткай счэпкі — не больш за 4 метры. Для пазначэння гнуткіх сувязных звёнаў прымяняюцца папераджальныя прылады ў адпаведнасці з пунктам 206 дадзеных Правіл.

192

Пры буксіроўцы:

192.1

з дапамогай гнуткай счэпкі ў транспартнага сродку, які буксіруецца, павінны быць спраўныя рабочая тармазная сістэма і рулявое кіраванне;

192.2

з дапамогай жорсткай счэпкі ў транспартнага сродку, які буксіруецца, павінна быць спраўна рулявое кіраванне, акрамя выпадку, калі канструкцыя жорсткай счэпкі забяспечвае рух транспартнага сродку, які буксіруецца, па траекторыі транспартнага сродку, які буксіруе, а пры масе транспартнага сродку, які буксіруецца, больш за палову масы транспартнага сродку, які буксіруе, таксама павінна быць спраўная рабочая тармазная сістэма;

192.3

шляхам частковай пагрузкі дапускаюцца няспраўнасці рабочай тармазной сістэмы і рулявога кіравання транспартнага сродку, які буксіруецца.

193

Забараняецца буксіроўка:

193.1

якая ажыццяўляецца з парушэннем патрабаванняў, вызначаных у пунктах 189–192 дадзеных Правіл, і іншых патрабаванняў, вызначаных дадзенымі Правіламі ў дачыненні да буксіроўкі;

193.2

у галалёдзіцу пры дапамозе гнуткай счэпкі;

193.3

аўтапаяздамі;

193.4

матацыкламі без бакавых прычэпаў, а таксама такіх матацыклаў, акрамя буксіроўкі прычэпаў, спецыяльна прызначаных для матацыклаў;

193.5

механічных транспартных сродкаў на гнуткай счэпцы, калі работа іх працоўных тармазных і (або) рулявых сістэм звязана з працай рухавіка, які спынены;

193.6

двух і больш транспартных сродкаў, за выключэннем буксіроўкі на жорсткай счэпцы седлавога цягача з паўпрычэпам;

193.7

мапедаў і мапедамі, за выключэннем буксіроўкі веласіпеднага прычэпа прамысловай вытворчасці.

26 Асноўныя палажэнні аб допуску транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху, іх тэхнічны стан, абсталяванне #

194

Забараняецца ўдзел у дарожным руху транспартнага сродку:

194.1

канструкцыя і тэхнічны стан якога не адпавядае патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў;

194.2

без усталяваных у прадугледжаных месцах рэгістрацыйных знакаў (часовых нумарных знакаў), транспартнага сродку, які мае сляды відазмянення або знішчэння рэгістрацыйных знакаў (часовых нумарных знакаў), а таксама маркіровак кузава, шасі, рамы, нанесеных на іх раней арганізацыяй (заводам)-вытворцам (за выключэннем зарэгістраваных у вызначаным парадку);

194.3

з правабаковым размяшчэннем органаў кіравання транспартным сродкам (акрамя транспартных сродкаў, зарэгістраваных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь да 10 жніўня 2002 г., а таксама тых, якія належаць асобам, якія часова прыбылі ў Рэспубліку Беларусь);

194.4

пераабсталяванага (шляхам змянення яго тыпу і (або) прызначэння, а таксама вагавых, габарытных і іншых тэхнічных характарыстык, прадугледжаных дакументацыяй арганізацыі (завода)-вытворцы, у тым ліку шляхам абсталявання транспартнага сродку маячкамі, спецыяльнымі гукавымі сігналамі) без узгаднення з ДАІ ў парадку, вызначаным Мiнiстэрствам унутраных спраў;

194.5

не зарэгістраванага ў парадку, вызначаным Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь;

194.6

які не прайшоў дзяржаўны тэхнічны агляд, парадак правядзення якога вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь;

194.7

пры наяўнасці няспраўнасці, названай у дадатку 4 да дадзеных Правіл;

194.8

з няспраўнай рабочай тармазной сістэмай, рулявым кіраваннем;

194.9

з няспраўнай счэпнай прыладай (у складзе аўтапоезда);

194.10

з фарамі і (або) заднімі габарытнымі агнямі, якія не гараць (адсутнічаюць) у цёмны час сутак на неасветленых участках дарогі і (або) пры яе недастатковай бачнасці (фарамі, якія не гараць, лічацца фары, у якіх не гарыць (не працуе) ні блізкае, ні далёкае святло);

194.11

з няспраўнымі шклоачышчальнікамі (падчас выпадзення ападкаў);

194.12

шкло якога мае ступень святлопрапускання менш за: 70 працэнтаў — для ветравога шкла (шкла, якое ўжываецца для шклення пярэдняга праёма транспартнага сродку), пярэдняга бакавога шкла; 70 працэнтаў — для іншага шкла, калі на яго не нанесена арганізацыяй (заводам)-вытворцам маркіроўка, якая ўтрымлівае адно з наступных спалучэнняў знакаў: ”«43R», «V»; «43R», «V-VI»; «AS3»; «43R», «V», «AS3»;* * Дадзеныя патрабаванні не распаўсюджваюцца на транспартныя сродкі, якія выкарыстоўваюцца для транспартнага абслугоўвання, суправаджэння і забеспячэння бяспекі службовых асоб, якія падлягаюць дзяржаўнай ахове ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

194.13

са знешне бачнымі наклейкамі (выявамі), акрамя апазнавальных знакаў транспартных сродкаў, што размяшчаюцца ў вызначаным парадку, прадугледжаных у дадатку 5 да дадзеных Правіл, дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху, рэкламы, інфармацыі аб прыналежнасці транспартнага сродку адпаведнай арганізацыі (індывідуальнаму прадпрымальніку).

195

Забараняецца ўдзел у дарожным руху тралейбусаў і трамваяў пры наяўнасці адной і больш няспраўнасці, названай у тэхнічных нарматыўных прававых актах, якія рэгламентуюць тэхнічны стан гэтых транспартных сродкаў.

196

Пры ўзнікненні няспраўнасцей, за выключэннем названых у падпунктах 194.8–194.11 пункта 194 дадзеных Правіл, кіроўца павінен прыняць меры да іх ліквідацыі, а калі гэта немагчыма, ён можа рухацца да месца стаянкі або рамонту, выконваючы неабходныя меры засцярогі па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху.

197

На механічных транспартных сродках (акрамя трамваяў і тралейбусаў) і прычэпах у прадугледжаных месцах павінны быць устаноўлены рэгістрацыйныя знакі, якія адпавядаюць тэхнічным нарматыўным прававым актам (часовыя нумарныя знакі, якія адпавядаюць нарматыўным прававым актам). Пры гэтым:

197.1

забараняецца ўстаноўка рэгістрацыйных знакаў, часовых нумарных знакаў, якія адрозніваюцца ад вызначаных узораў;

197.2

на трамвай і тралейбус наносяцца рэгістрацыйныя нумары, якія прысвойваюцца Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

198

Грузавыя аўтамабілі з бартавой платформай, якія выкарыстоўваюцца для перавозкі пасажыраў, павінны быць абсталяваны сядзеннямі, замацаванымі на вышыні не менш за 0,3 метра ад верхняга краю борта ўніз да падлогі. Сядзенні, размешчаныя ўздоўж задняга і бакавых бартоў, павінны мець трывалыя спінкі. Грузавыя аўтамабілі з кузавам-фургонам, якія выкарыстоўваюцца для перавозкі пасажыраў, павінны быць абсталяваны сядзеннямі, замацаванымі на вышыні 0,3 — 0,5 метра ад падлогі.

199

Механічныя транспартныя сродкі, што выкарыстоўваюцца для навучання кіраванню механічным транспартным сродкам і належаць вучэбным арганізацыям, павінны быць дадаткова абсталяваны:

199.1

аўтамабіль (аўтобус): педалямі прывода счаплення і тормаза, неабходнай колькасцю люстэркаў задняга віду для асобы, якая навучае кіраванню аўтамабілем (аўтобусам), а таксама пазначаны спераду і ззаду апазнавальным знакам «Вучэбны транспартны сродак». Педалі прывадаў счаплення і тормаза для асобы, якая навучаецца, і асобы, якая навучае кіраванню аўтамабілем (аўтобусам), дапушчаным да ўдзелу ў дарожным руху з 1 ліпеня 2003 г., павінны ўздзейнічаць на рабочы орган адпаведнай сістэмы незалежна адзін ад аднаго; відэарэгістратарамі пры правядзенні экзаменаў у навучальнай арганізацыі. Парадак ужывання відэарэгістратараў устанаўліваецца тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі, а парадак выкарыстання і захоўванні інфармацыі, атрыманай з іх дапамогай, – Міністэрствам транспарта і камунікацый па ўзгадненні з Міністэрствам унутраных спраў;

199.2

тралейбус і трамвай — спецыяльнай кабінай з сядзеннем і люстэркам задняга віду для асобы, якая навучае кіраванню тралейбусам або трамваем, прыводамі тормазу, а таксама пазначаны спераду і ззаду апазнавальным знакам «Вучэбны транспартны сродак».

200

Веласіпед павінен мець спраўныя тармазную сістэму, рулявое кіраванне і гукавы сігнал, быць абсталяваным люстэркам задняга віду, спераду святлоадбівальнікам белага колеру, ззаду — святлоадбівальнікам (святлоадбівальнікамі) чырвонага колеру, а з кожнага боку — святлоадбівальнікамі аранжавага колеру. Гужавы транспартны сродак павінен быць абсталяваны спераду святлоадбівальнікамі белага колеру, ззаду — чырвонага, мець прадугледжаныя канструкцыяй спраўную стаяначную тармазную прыладу і супрацьадкатныя ўпоры.

201

На транспартных сродках павінны быць усталяваны апазнавальныя знакі, названыя ў дадатку 5 да дадзеных Правіл:

201.1

«Аўтапоезд» — у выглядзе трох ліхтароў, якія выпраменьваюць аранжавае святло, гарызантальна размешчаных на даху кабіны, з прамежкам паміж імі ад 150 да 300 мм — на грузавых аўтамабілях і колавых трактарах (класаў цягі 1,4 тоны і вышэй) з прычэпамі, на сучлененых аўтобусах і тралейбусах або ў выглядзе верхніх габарытных ліхтароў у крайніх пярэдніх габарытных кропках даху кабіны на названых транспартных сродках;

201.2

«Знак аварыйнага прыпынку» — у выпадках, прадугледжаных дадзенымі Правіламі;

201.3

«Шыпы» — у выглядзе роўнастаронняга трохвугольніка белага колеру вяршыняй ўверх з аблямоўкай чырвонага колеру, у які ўпісана літара «Ш» чорнага колеру (старана трохвугольніка — не менш за 200 мм, шырыня аблямоўкі — 1 / 10 стараны), — ззаду механічных транспартных сродкаў, якія маюць ашыпаваныя шыны;

201.4

«Вучэбны транспартны сродак» — у выглядзе роўнастаронняга трохвугольніка белага колеру вяршыняй уверх з аблямоўкай чырвонага колеру, у які ўпісана літара «У» чорнага колеру (старана трохвугольніка — не менш за 200 мм, шырыня аблямоўкі — 1 / 10 стараны), — спераду і ззаду механічных транспартных сродкаў, якія выкарыстоўваюцца для навучання кіраванню механічным транспартным сродкам (на даху легкавых аўтамабіляў усталёўваецца двухбаковы знак, які свеціцца);

201.5

«Абмежаванне хуткасці» — у выглядзе паменшанай каляровай выявы дарожнага знака «Абмежаванне максімальнай хуткасці» з указаннем дазволенай хуткасці руху (дыяметр знака — не менш за 160 мм, шырыня аблямоўкі — 1 / 10 дыяметра) — на заднім баку кузава злева механічных транспартных сродкаў, якія кіруюцца кіроўцамі са стажам кіроўцы менш за два гады, механічных транспартных сродкаў, якія перавозяць небяспечныя, цяжкавагавыя i (або) буйнагабарытныя грузы, а таксама ў выпадках, калі максімальная хуткасць руху транспартнага сродку па тэхнічнай характарыстыцы ніжэй за хуткасць руху, вызначаную ў пункце 89 дадзеных Правіл;

201.6

«Перавозка дзяцей» — у выглядзе квадрата жоўтага колеру з аблямоўкай чырвонага колеру (старана квадрата — не менш за 250 мм, шырыня аблямоўкі — 1 / 10 стараны) з чорнай выявай сімвала дарожнага знака «Дзеці» — спераду і ззаду аўтобусаў пры перавозцы груп дзяцей;

201.7

«Калона» — у выглядзе квадрата жоўтага колеру з аблямоўкай чырвонага колеру, у які ўпісана літара «К» чорнага колеру (старана квадрата — не менш за 300 мм, шырыня аблямоўкі — 1/10 стараны), — спераду і ззаду транспартных сродкаў, якія рухаюцца ў транспартнай калоне. Пры руху ў арганізаванай транспартнай калоне дадзены апазнавальны знак усталёўваецца спераду і ззаду толькі на транспартным сродку, які замыкае дадзеную калону і не з'яўляецца транспартным сродкам аператыўнага прызначэння;

201.8

«Ціхаходны транспартны сродак» — ззаду транспартных сродкаў;

201.9

«Распазнавальны знак транспартнага сродку Рэспублікі Беларусь» — на заднім баку кузава справа механічных транспартных сродкаў у адпаведнасці з патрабаваннямі тэхнічных нарматыўных прававых актаў. Дадзены апазнавальны знак можа не ўсталёўвацца на транспартных сродках з рэгістрацыйнымі знакамі, якія змяшчаюць выяву сімвала «BY»;

201.10

«Буйнагабарытны груз» — у выглядзе квадрата памерам 400 x 400 мм з нанесенымі па дыяганалі ад левага ніжняга да правага верхняга вугла чырвонымі і белымі палосамі, якія чаргуюцца, шырынёй 50 мм са святлоадбівальнай паверхняй — на крайніх знешніх частках грузу, які выступае за габарыты транспартных сродкаў;

201.11

«Буйнагабарытны груз» — у выглядзе квадрата памерам 400 x 400 мм з нанесенымі па дыяганалі ад левага ніжняга да правага верхняга вугла чырвонымі і белымі палосамі, якія чаргуюцца, шырынёй 50 мм са святлоадбівальнай паверхняй — на крайніх знешніх частках грузу, які выступае за габарыты транспартных сродкаў;

201.12

«Інвалід па слыху» — у выглядзе жоўтага круга дыяметрам 160 мм з нанесенымі ўнутры трыма чорнымі кружкамі дыяметрам 40 мм, размешчанымі па вуглах уяўнага роўнастаронняга трохвугольніка вяршыняй уніз, — спераду і ззаду механічных транспартных сродкаў, якімі кіруюць кіроўцы — інваліды па слыху;

201.13

«Транспартны сродак вялікай грузападымальнасці», «Транспартны сродак вялікай даўжыні».

202

Апазнавальныя знакі «Ціхаходны транспартны сродак», «Транспартны сродак вялікай грузападымальнасці», «Транспартны сродак вялікай даўжыні» павінны быць выраблены і ўсталяваны на транспартных сродках, а «Знак аварыйнага прыпынку» — выраблены ў адпаведнасці з патрабаваннямі тэхнічных нарматыўных прававых актаў.

203

Па жаданні кіроўцы могуць быць усталяваны апазнавальныя знакі:

203.1

«Інвалід» — у выглядзе квадрата жоўтага колеру са стараной 150 мм і з выявай сімвала дарожнага знака «Інваліды» чорнага колеру — спераду і ззаду механічных транспартных сродкаў, якімі кіруюць інваліды I, II групы, а таксама інваліды III групы з парушэннямі апорна-рухальнага апарата, або якія перавозяць такіх інвалідаў;

203.2

«Урач» — у выглядзе квадрата сіняга колеру са стараной 140 мм з упісаным у яго белым кругам дыяметрам 125 мм, на які нанесены зялёны крыж (вышыня квадрата — 90 мм, шырыня рыскі штрыха — 25 мм), — спераду і ззаду аўтамабіляў, якімі кіруюць кіроўцы-ўрачы.

204

Дазваляецца ўстаноўка святлоадбівальных стужак (палос) чырвонага колеру ззаду і белага колеру спераду транспартных сродкаў у адпаведнасці з патрабаваннямі тэхнічных нарматыўных прававых актаў.

205

Транспартныя сродкі (акрамя тых, якія прыналежаць Міністэрству абароны, Міністэрству ўнутраных спраў, Міністэрству па надзвычайных сітуацыях, Камітэту дзяржаўнай бяспекі, Дзяржаўнаму пагранічнаму камітэту, іншым войскам і вайсковым фарміраванням Рэспублікі Беларусь) павінны быць пазначаны маркіроўкай з палепшанымі святлоадбівальнымі характарыстыкамі ў выпадках, прадугледжаных тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі.

206

Папераджальныя прылады для абазначэння гнуткіх сувязных звёнаў пры буксіроўцы механічных транспартных сродкаў павінны выконвацца ў выглядзе сцяжкоў ці шчыткоў памерам 200 x 200 мм з нанесенымі на іх па дыяганалі чырвонымі і белымі палосамі, якія чаргуюцца, шырынёй 50 мм са святлоадбівальнай паверхняй. На гнуткім сувязным звяне павінна быць усталявана не менш за дзве названыя папераджальныя прылады.

207

Канструкцыя жорсткай буксіруючай прылады павінна адпавядаць патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў.

207.1

Пры ўдзеле ў дарожным руху з 1 снежня па 1 сакавіка аўтамабілі з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай да 3,5 тон уключна, легкавыя і грузапасажырскія аўтамабілі з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай звыш 3,5 тон, а таксама аўтобусы з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай да 5 тон павінны быць абсталяваны зімовымі шынамі. Зімовыя шыны ўсталёўваюцца на ўсіх колах транспартнага сродку і павінны адпавядаць патрабаванням часткi другой пункта 25 дадатка 4 да гэтых Правіл.

27 Абавязкi службовых і іншых асоб па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху #

208

Службовым і іншым асобам транспартных і іншых арганізацый, адказным за тэхнічны стан і эксплуатацыю транспартных сродкаў, забараняецца дапускаць іх да ўдзелу ў дарожным руху і дапускаць кіроўцаў да кіравання транспартнымі сродкамі з парушэннем патрабаванняў, вызначаных дадзенымі Правіламі і іншымі актамі заканадаўства.

209

Службовыя і іншыя асобы, адказныя за эксплуатацыю дарог, дарожных збудаванняў, чыгуначных пераездаў і тэхнічных сродкаў арганізацыі дарожнага руху, абавязаны:

209.1

утрымліваць дарогі, дарожныя збудаванні, чыгуначныя пераезды і тэхнічныя сродкі арганізацыі дарожнага руху ў адпаведнасці з патрабаваннямі тэхнічных нарматыўных прававых актаў у стане, бяспечным для дарожнага руху;

209.2

своечасова прымаць меры да абмежавання або забароны руху транспартных сродкаў па дарогах або іх асобных участках з папярэднім інфармаваннем ДАІ.

210

Службовыя асобы дарожных, будаўнічых і іншых арганізацый, а таксама грамадзяне, якія ажыццяўляюць на дарозе і (або) прылеглай тэрыторыі рамонтныя і іншыя работы, абавязаны:

210.1

арганізаваць пазначэнне месцаў правядзення на дарозе і (або) прылеглай тэрыторыі рамонтных і іншых работ, пакінутых на дарозе і (або) прылеглай тэрыторыі дарожна-будаўнічых машын, будаўнічых матэрыялаў, канструкцый і іншых аб'ектаў дарожнымі знакамі, прыладамі, якія агароджваюць і накіроўваюць, паказальнікамі аб'езду, а ў цёмны час сутак і (або) пры недастатковай бачнасці дарогі — дадаткова ліхтарамі, якія выпраменьваюць чырвонае або жоўтае святло;

210.2

пасля заканчэння на дарозе і (або) прылеглай тэрыторыі рамонтных і іншых работ прыняць неадкладныя меры па прывядзенні яе ў стан, які забяспечвае бесперашкодны і бяспечны дарожны рух.;

210.3

прымаць меры па папярэджанні забруджвання дарог.

211

Работнікі дарожных, будаўнічых і іншых арганізацый, а таксама грамадзяне пры правядзенні на дарозе рамонтных і іншых работ павінны знаходзіцца ў адзенні павышанай бачнасці, апісанне якога вызначаецца Міністэрствам транспарту і камунікацый.

212

Дарожна-эксплуатацыйныя і камунальныя службы павінны прымаць неадкладныя меры па ліквідацыі наступстваў, якія ўзніклі на дарозе ў выніку надзвычайных і іншых сітуацый, якія зніжаюць бяспеку дарожнага руху, а таксама па эвакуацыі транспартных сродкаў, пашкоджаных у выніку дарожна-транспартных здарэнняў. Органы і падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях удзельнічаюць у ліквідацыі надзвычайных сітуацый, якія ўзніклі на дарозе ў выніку дарожна-транспартных здарэнняў.